Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Досьвіткі

Доўгімі зімовымі досьвіткамі чуў я, а пазьней, калі выбіўся ў сьвятлейшы сьвет, сьпісаў, як мучылі паны нашу бедную цётку Тацяну за нейкую заморскую сучку; як смажыў ім ката, заместа зайца, маладушны дзядзька-кухар; як баяўся боскае кары за свой высока-людзкі ўчынак цёмны дзядзька Тарас; як тады і высока-ўчоныя людзі, старыя профэсары, роўна з цёмнымі і няўчонымі, схілялі трудным часам галаву перад нязьведанымі сіламі прыроды; як накладалі розумам хоць мала-ўчоныя, але ўжо малаверныя і нешчасьлівыя вясковыя інтэлігенты, „дурныя настаўнікі“, за сваё прыгожае, але пустое, цёмнае шуканьне вечнага пачатку; і як выдатныя адзінкі, песьняры-музыкі нашага народу ў тым чорным часе праўдзівага досьвецьця, болем свайго сэрца ігралі страшныя песьні паняволеных прарокаў волі.


Доўга цягнуцца зімовыя досьвіткі. За вокнамі цёмна і лютая сьцюжа, а ў сьцюдзёнай хаце невясёла гарыць цямнявая лучына, нудна трынкаюць марудныя верацёны: Да сьвету яшчэ далёка-далёка!

Не пяюць удосьвецьця песень, і маўклівыя пральлі толькі ціха думаюць свае ціхія досьвітныя думы.