Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

памачыў ногі, аббрызкаўся вадою і ўпэцкаўся ў леташнія хваёвыя голкі, зьмешаныя з гразёю. Толькі ўзьняў ён ношку на плечы, глядзіць аж баба тая стаіць побач… Па ім прабегла палахлівая дрыготка. Стала ворашна й сьцюдзёна… Маўкліва панёс ношку, — і цяпер самі сабою закалаціліся ў яго зубы: д-д-д-д… Хваравітая, мляўкая асьцюдзянеласьць пашла па ўсім целе, і чалавек са страхам памысьліў, што трасца апанавала яго. Цяпер ужо ён ня мог саўладаць з дрыготкаю, барджэй адкінуў колькі паленьняў і панура вышаў з лесу на поле. Прырода ўсё яшчэ ціхамірна спала, толькі як-бы троху паслабела месячнае сьвятло, і паветра пацямнела ў нізінах, а ядранейшым і сьвятлейшым зрабілася, здаецца, над галавою. Там, дзе дагэтуль маўчалі хаты, закукарэкалі трэцім разам пеўні, у вадным акенцы бліснула было сьвятло, ды йзноў згасла: відаць, хацелі там ужо ўставаць, але ўбачылі, што яшчэ вельмі рана. Яго трасло і трасло… Рады, што падышоў да хат, кінуў ён ношку ля гумна і ўгрунь пабег у хату — мокры, спацелы, сьцюдзённы

„Яшчэ прынёс?“ — прыхільна спыталася жонка. Ён маўчаў і мокрымі ад поту і ад вады рукамі раскручваў аборыну. Зубы яго ляскаталі, усё цела калацілася, а часам яго ўсяго няведамая сіла кідала з боку у бок. Мляўкая асьцюдзянеласьць разьлівалася ад патыліцы к сярэдзіне, усё цяплеючы й вяшчуючы гарачку. Жонка: зьдзівілася яго маўчаньню, боязка прыслухалась і тады пачула дроб-