Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ні з чаркаю, ні ў карты. Толькі ў яго і занятку: адпусьціць школьнікаў і йдзець да паповае швагеркі на дыспутасы ці сядае за свае, хто ведае, што там за кніжкі за такія нязвычайна цікавыя, і марнуецца над імі да познай ночкі.

І ўжо тады троху-патроху пачало выплываць на яву, што няцьвёрды ён у веры чалавек. Ня йме веры то ў тое, то ў сёе, ува што спрадвеку верылі ўсе людзі. Падсьмейваецца з паповае швагеркі, што яна, калі гадзіна ўкусіла іхную карову і паповы малітвы рады не далі, запрасіла лясьніка шаптаць і пасьля казала, што ад таго шаптаньня карова ачуняла. І так шмат у чым пракідалася яго слабая вера ці й зусім нявера на погляд тутэйшых людзей.


— А хіба-ж кожны ведае, — казалі тады ў нас людзі, — чаму ў іншага лясьніка хоць якая нягодная стрэльба лучае ў лёт самую шпаркую птушку? Або чаму самы бедны гарапашнік ані з тога, ані з сёга раптам робіцца багатыром на ўсю акругу?

— Таму так робіцца, — казалі яны тое што чулі ад сваіх бацькоў і ад дзядоў, — таму, што гэткі-то д‘ябальскі паслужнік, калі прычашчаецца, дык пакіне кашку ў роце, выйме з роту ў хустачку і схавае; потым, выбраўшы цёмную часіну, ідзе ў самыя глухія нетры, прывяжа кашку на асінавым суку і стрэліць…

— А як толькі ён, гэткі акаянны, складзецца стрэльбаю, дык разам асьвеціцца яму