Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўва што лішняе ня лезе і да людзей ня чэпіцца… Добры поп“. І з новым настаўнікам яны пасябраваліся. Рыбу лавіць ці ў грыбы, ці ў ягады — разам хадзілі. Адно толькі дакучала старэнькаму, што настаўнік любіў гаманіць пра бога і пра ўсякія такія справы.

— Ня люблю я тваіх мудрых гутарак, Якубе! — казаў старэнькі Бекарэвіч Кубраковічу. — Што табе ўсё карціць: чаму так, чаму ня гэтак? Ну як было, так і было… „Ня прыемлі імя госпада бога твайго ўсуе“. Ты мне толькі рыбу пудзіш… А я люблю, мой братку, супакой.

Затое была ў папа за гаспадыню, бо адзінокі жыў на старасьці, нейкая далёкая сястра ці то швагерка. Сухая дужа і з чорнымі вусікамі, але вельмі пабожная, начытаная ў сьвятых кнігах і гаваркая. Яна і заступіла маўклівага бацюшку ў размовах з настаўнікам. Вечна яны бывала сьпіраюцца, як што калі тварылася, і чаму так, а чаму ня гэтак. Яна верыла ўва ўсякія забабоны, а Якуб Цімохавіч даводзіў ёй, што ня ўсякай лухце можна верыць. Поп слухае-слухае дый пойдзе спаць, а яны ўспомняць, як той казаў, і бога і хрыста, і лазовага куста.

І сталі дзейкаць людзі, што новы наш настаўнік і добры і нядобры. Добры за тое, што дзеці яго ўлюбілі, старанна вучыць, не адпускае школьнікаў да цёмнага, — ня тое, што другі: не пасьпеюць бабы ля печы ўправіцца, а ён ужо распусьціў іх. А нядобры, што нейкі ён дзіўны… Не займаецца ні з паненкамі,