Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Родам ён быў з Мсьціслаўля. Відаць, дзед яго ці прадзед хадзіў па сьвеце кубраком, — значыцца, зьбіраў на збудаваньне новых ці ўхарашэньне старых цэркваў, — адкуль і прозьвішча ўзялося: Кубраковічы. І бацька яго знаўся з папамі ды дзякамі; быў п‘яніца і піў з імі пакуль было за што, а як зьвёўся з капылоў далоў, пашоў у званары за паўтраця рублі на месяц, званіў і вартаваў царкву начою, каб зладзеі не абакралі. Маці плацьце людзём мыла і гароднае насеньне прадавала. Так і жылі, і сын, хоць і невялікай, адукацыі, а-ткі дашоў, у вясковыя настаўнікі прабіўся.

Перавялі яго да нас з другое воласьці, дзе не паладзіў, кажуць, з бацюшкам. Вядома, у той час настаўнікі з бацюшкамі часта сварыліся. Калі ня хочацца настаўніку дапамагаць у царкеўнай службе, ці ня дужа нізка паклоніцца ён матушцы ці так чым не дагодзіць папу або дзяку і іхным чадам, напрыклад, на ходзіць да пападзянак або з дзячышак сьмешкі строіць, дык зараз на яго папера й паляціць: „Так і так, настаўнік ў тутэйшай школе — вольнадум, у царкву ня ходзіць, дзяцей богу ня моліць і добраму не навучае“… Трах, і перавялі яго ў другую, горшую за тую школу або й зусім прагналі, сабак пасьціць.

У нас тады быў поп старэнькі, на прозьвішча Бекарэвіч. „Ня дужа мудры, казалі пра яго сяляне, — дык і ня дрэнны: хрысьціць, вянчае і на той сьвет з-паратам адпраўляе, а