Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі ён вярнуўся, дзяўчына паіла хворую паню вадою з узьбітым бялком і віном.

— А я трошкі прагуляўся, — вінавата, але спакойна й радасна казаў профэсар: — ах якая прыгожая ноч, дрэвы сьпяць і скрозь сон варушаць лісьцейкам… Ну як ты сябе чуеш, рыбка мая?

— Як-бы лепей… — усьміхнулася яму хворая цянюсенькімі вуснамі і раскрыла вочы.

— Чамусь мне верыцца, рыбка мая, што ты з гэтае начы пачнеш папраўляцца… У цябе сягоньня быў крызіс. Вось пабачыш, рыбка!

— Мне лепей… чую, што лепей! — парадавала мужа хворая і пацягнула худзенькую, васковую ручку, каб пацалаваў: — Цяпер ідзі спаць, мой любы.

Назаўтра Аўгеньня зьбегала да дзядзькі і сказала, што пан такі даўся з сваёю навукаю. Усе людзі з надзеяй чакалі паляпшэньня хворай.

Але не магла памагчы навука, — не памаглі і забабоны. На трэці дзень хворая сканала.