Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„А што, як сапраўды здурнеў і паляціць сюды біцца? Вялікі, здаровы — задавіць на сьмерць“. А ён калаціў, калаціў дрэва, адпусьціўся і ціха, але жудасна, аж скура стыгне, зарагатаў:

— Пляваць мне на цябе, навука, калі ты бясьсільная!

Сьціх і йдзець у пакоі, а тымчасам Аўгеньня шмыгнула да хворай і млее там: досі гэта будзе? Хворая-ж ляжала, як мярцьвяк. „Можа й памёрла ўжо?“ паглядае на яе дзяўчына і баіцца падыйсьці.

Тымчасам прыблізіўся на мысічках прафэсар, прыхіліў да жончыных грудзей галаву, паслухаў: „Дыхае“ шэпча Аўгеньні і ківае да сябе пальцам, гукае Аўгеньню за сабою. Як вышлі, пытаецца: „Ці няма ў цябе, Аўгінка, пад рукою якой нітачкі? Буду паперы разьбіраць у габінэце, трэба зьвязаць у пачкі“.

Зразумела яна, на якую патрэбу просіць нітку і зараз зьбегала ў сваю каморку, прынясла.

— Ну, галубка, ідзі троху пасьпі — сказаў ёй профэсар; — я пакуль што адзін пабуду, а як трэба, дык узбуджу

Пашла Аўгеньня, а троху пачакаўшы, дасачыла з-за вушака: абвязвае наўчоны профэсар хворую жонку ніткаю. Абвязаў, асьцярожненька прапусьціўшы пад ногі і пацягнуўшы вышэй пад тулава, патым пацалаваў жонку ў лоб, пераксьціў (чаго ніколі, ніколі раней не рабіў) і з ніткаю ў руцэ паціхеньку вышаў у сад.

Аўгеньня сьцяміла, што ён пабрыў за сіні плот на раздарожжа і была дужа рада.