Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рае старая паня: — што вам даражэй: ваша навука ці… ці… жыцьцё… жыцьцё Вольгачкі?..

І вось профэсар паказаў сваё каменнае навучнае сэрца. Гаворыць так:

— Навука сказала сваё слова, і я веру ёй, а ня вашым забабонам.

Паня й Аўгеньня аж вочы ў страсе на яго вытрышчылі. І ён, мабыць, сам спалохаўся таго, што сказаў. Затросься ўвесь, застучэў кулаком па стале, закрычэў, як не ў памяці:

— Веру, веру, веру! Але не хачу гэтага, не хачу, не хачу, ой не хачу! — Потым схапіўся рукою за горла, завыў і бразнуўся на стул. Адлілі яго вадою, валяр‘янавых капак выпіць далі, пагразілі, што хворая пачуець яго крык. На тым размова скончылася.

Тую ноч была радоўка пільнаваць хворае профэсару з Аўгеньняю, бо так хворая настоіла, каб адну ноч старая паня з кухаркаю, а другую ноч яны-б былі пры ёй. Толькі ўсё роўна профэсар што ночы амаль не адхадзіў ад яе ложка, адно што не ў сваю радоўку стараўся ня быць на ваччу ў хворае і сядзеў у сумежным пакоі.

К гэтай ночы хворая зусім струхлела. Гарачка адпусьціла бедную, дык ляжала выцягнуўшыся, як доўгі шкілет, сіняя, непарушная.

Цеміць профэсар, што сьмерць у пакой увашла. Цеміць і з галавы сходзіць. Сатнець зубы, абхопіць галаву, рукамі і сядзіць, пахінуўшыся да кален, у крэсьле.

Калі хворая задрамала трошкі, вышаў ён на мысічках у другі пакой і давай штосьці шаптаць.