Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Слухаючым тую песьню, жаль было марнай чалавечай долі, мізэрнымі былі раскошы гэтага сьвету, нікчэмнымі нашыя сваркі й звадкі: „Суета сует и всяческая суета“, „Прах еси и прахом отыдеши,“ — пяялася ў тэй песьні.

Але скончыў музыка маліцца, памаўчаў трохі і зайграў штось іншае. Трудна было адразу ўхапіць, аб чым гаворыць яго скрыпка, але чулася нешта знаёмае, даўна вядомае, даўна перажытае. Як-бы там лес шуміць, як-бы завіруха ў полі гудзіць, ізноў-жа як-бы жнеі пяюць. Зайграў, значыцца, музыка аб штодзённым жыцьці чалавека. Кашаль б‘е старога дзеда, гоман якісь людзкі, як-бы сварка бабская, кугаканьне дзяцінае… І такое выразнае, дарма што скрыпка, быццам сапраўды хворая ці галоднае дзіцятка заходзіцца. Так плача, так плача, што вытрываць аж трудна, хочацца бегчы да яго, каб суняць тое плаканьне. І чуецца, што сунімае матка: „А-а, а-а, малое! а-а, а-а, беднае“! Патрошку сьціхае дзіця, калыша яго матка, скрыпаюць пачопкі цераз даўгую ночачку, скрыпаюць і скрыпаюць, як-бы вось тут во, каля цябе, дарма што гэта, адно, скрыпка даказвае пад музыкавымі пальцамі. Звычайныя песьні граў музыка, але слухаў-бы яго, слухаў без канца-краю.

Ня плач, маё дзіцятка, а цыц маё родна.
Вунь там войт ідзець,
На татку, на мамку ён бізун нясець,
У тым у бізуне скураты увіты,
На тым на бізуне сьлёзкі паліты…