Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўдалася прыгожай панскай палюбоўніцай, каб загубіць нашага музыку.

Казалі нават, што і сам пан Дастаеўскі спутаўся з чартамі, якім даўно карціла зьвесьці з сьвету слаўнага музыку. Вядома, чарцям няма спакою ад добрага музыкі, бо ён сваім харошым граньнем робіць людзей лепшымі, верне іх на добрыя думкі.

А было ўсё гэта пад канец лета, калі з надыходам восені наступае самая вядзьмацкая пара.

Што-ж тымчасам рабіў Арцём?

Прышоў ён да труны, памаліўся за ўмершую душу і ўзяўся настрайваць сваю старую скрыпку.

Тады адчыніў напята акно і даў першы гук на струнах…

Як нейкі боль, як нейкі стогн раздаўся гук у садзе, сярод адцьвіўшых красак, сярод агорнутых цішою ночкі дрэў, пачуўся ён у сэрцах панскай чэлядзі і даляцеў да пана, што сядзеў у габінэце пры чарцы старога віна.

Усё прыслухала: што будзе граць музыка нябожчыцы на разьвітаньне?

Памаўчаў трохі музыка і паволі, сьціха, маркотна заіграў „Вечную памяць“.

Дужэлі гукі, расьлі, і вось здавалася, што цэлы хор папоў адпявае чалавека.

Яшчэ дужэйшымі рабіліся гукі, і дзіўна было ведаць, што там усяго толькі адна скрыпка так пяе…

Ня хор папоў пяяў там, а быццам тысячы панурых галасоў зьліліся ў адным хаўтурным гімне,