Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Станавіліся ў ваччу цімакі…

Увечары, калі ўсе людцы, павячэраўшы, спаць клаліся, калі з цёмнага поля плыў з веснавым ветрыкам арамат сьвежае зямліцы, калі жабы квохалі і кумкалі, як п‘яныя, ад салодкасьці, тады стары цімак цішком выхадзіў у сад пад яблынку крывую, кідаўся на калені, вачыма на ўсход, сашчэпліваў рукі і маліўся — краіў сваё беднае сэрца. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок, як зьвер, драпаў свае худыя, валасатыя грудзі. Падгледзіў тое маленьне Тарас і ня раз бачыў яго ды нікому нічога не казаў, бо хто гэтага ня ведае ці не разумее?

Сярэдні ў такі час ніяк ня мог заснуць і варочаўся на палацях, то кашляў, то сьціха ўздыхаў. Ня любіла Тарасіха, што ён крэкча; а то яшчэ зьлезе з палацяў і пачне ўпоцемку шукаць карца на судніку, мацае, стукае, часам аберне што, — смага яго мучае.

А хлопец-цімак сядзіць, бывала, на вуліцы да познае пары і ўсё на дудках адну песьню граець а граець.

Усё тое станавілася Тарасу ў ваччу.

А ўжо налажыў на сябе войчанька эпітрахіль, узяў крыж у рукі, крэкнуў, агледзіў людзей у хаце і пачаў казаць:

— Брація ў хрысьце! Клясьціся страшна. А клясьціся імем самога бога, клясьціся перад яго сьвятым лікам, гэта… гэта… прысягацца, браткі, яшчэ страшней. Ня дай божа прысягацца бяз пільнае патрэбы ані вам, ані дзеткам вашым.