Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чанька няпрыемна ўразіўся і намагаўся схаваць тую прыкрасьць у сваіх глыбокіх, запалых вачох.

„Прысяга… прысяга“… пашло хадзіць страшнае слова па людзёх.

— А кадзіла не забыліся ўзяць? — з цікаўнасьцю зьвярнуўся пан да казака, калі той разьвінуў на лаўцы клунак.

— Так точна, вашскародзь, узялі, — адказаў казак.

— Кадзіла я прывёз, пане начальнік, бо гэтак напісалі, але яно тут не патрэбна, — мякка сказаў сьвяшчэньнік афіцэру.

— Хай будзе, хай будзе! — запярэчыў яму пан, а пахіліўшыся дадаў на вуха: — гэта ім для ўражаньня.

Казакі высунулі стол на пасяродак хаты і накрылі яго чорным сукном. Соцкі падышоў з кадзілам к печы, выняў заслонку, выкаціў чапялою колькі вугалёў дый, абхухаўшы ад попелу, насыпаў іх у кадзіла і падаў яго сьвяшчэньніку. Той дастаў з кішэні ладану і сыпнуў на вугалі. Соцкі аддаліўся йзноў у парог і пачаў дзьмуць, бразгаючы ланцужкамі. Прыемны, але хаўтурны дымок расплываўся па хаце і кіраваў людзей на пакутныя думкі. Хто шавяліўся, хто заціх ад нейкага страху. Тарас зьбялеў, як крэйда, і глыбока дыхаў. Усялякія думкі роіліся ў галаве. Кавалкі ўспамінаў, абломкі абразоў зьбіваліся ў нейкі балючы груд, у нейкі прыкры, беспарадачны громазд. Давілі галаву. Ня было яснасьці. Нешта карціла. Як зрабіць: так ці гэтак? Што такое? У чым справа?