Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хлопчык, круглы сіротка, узяты з вёскі ў палац ад малых гадоў, рэдка чуў такую бацькаўскую гутарку. Ён паволі змаўкаў, сьціха хліпаючы ня столькі ад гора, колькі ад расчулёнасьці. Ласка старога кухара, які даў яму сёньня піражок, растапіла яго сэрца, як цяпло растаплівае воск. Хлопчык прыпаў да кухаравай рукі і пацалаваў… Скурка выпаўзла з яго далоні і скацілася на ложак. Кухар зорка сачыў за ёю і, упільнаваўшы зручнасьць, пасунуў локцем назад, і яна звалілася за ложак. Тады кухар пачаў умаўляць хлопчыка, каб ён ішоў класьціся спаць.

— А як-жа, дзядзька, хворы адзін будзеце ляжаць? — з дзяціным спрыяньнем спытаўся хлопчык, паглядзеўшы на старога чысьценькімі, абсохлымі ад сьлёз вочкамі.

— Нічога, Ясюк! Не шкадуй мяне, бо мне ўжо крышку лепей…