Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня ведаеш, Ясюк? — узьняўся з ложка хворы і ўталопіўся: на хлапца зьдзіўленым паглядам — Ня ведаеш, дзе падзеўся твой… гэты… кот?!

— Ня ве-е-едаю-ю, гу-гу-гу, — не сунімаўся, плакаў Ясюк. — Можа ўцёк у лес ці на вёску, сабакі там мужыцкія разарвуць яго, гу-гу-гу…

— А ў пакоях ніхто ня ведае, дзе ён, халера, падзеўся? — аджыўся хворы кухар.

— Ніхто ня ведае, ня бачылі… ува ўсіх пытаўся. Што мне цяперака рабіць, дзядзечка… гу-гу гу! будуць сячы мяне, што не ўпільнаваў.

Сьмяротны цяжар раптам скаціўся з кухаравых плеч. Вялікім шчасьцем засьвяціліся змучаныя, праваленыя, з сінякамі ад сардэчнае хваробы вочы. Ком радасьці ўскалыхнуў збалелыя грудзі. Спачуцьцё шчасьлівага да няшчаснага сфальшывіла чыстую ў муках душу чалавека. З няшчырай пяшчотаю ўцалелага прыцягнуў кухар хлопчыка да сябе, прытуліў, гладзіў па галоўцы; жалеў, кажучы з найбольшай даступнай яму ласкавасьцю:

— Дзетка маё! Сіротачка мой бедны! Ня бойся, ня плач, неяк-жа абойдзецца. Ну, абсякуць, на тое-ж мы слугі панскія, каб нас секлі. Ня бойся, да сьмерці-ж не заб‘юць. Во й мяне колькі разоў секлі, — нічога: неяк-жа мадзею… Супакойся, мой Ясючок, галубок мой! Здохні ён, кот! Можа яшчэ і знойдзецца, калі сабакі не разарвалі, вернецца, як захоча есьці, ліха яго ня возьме… Цябе князь любіць, можа й даруе, калі нават і згіне гэты падла.