Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заць цябе гасьцём, які ты, знацца, ёсьць штукар зайцоў смажыць, а ты й язык высалапіў. Ідзі ўжо сам! — і піхнуў яго зьлёгку ў бок.

Але кухар заваліўся на сьнег і ня йшоў. Потым ён схапіўся рукою за грудзі і балюча застагнаў: „Ай, людцы, сэрца, сэрца баліць!“

Гайдукі спалохаліся сапраўды, але ня важыліся і марудзіць і, схапіўшы яго, пацягнулі далей. З палацу выскачыў стольнік. Спытаўшыся на бягу, што такое, схапіў жменю сьнегу і пацёр кухару лоб. Тады ён трохі ачуняў і слаба паплёўся сам.

Калі гайдукі адчынілі дзьверы ядальнага пакою, паны голасна гаманілі, наперабой хвалячыся сваімі ўдачамі на ловах, рагаталі, строілі розныя жарты на свой панскі манер. Граф Бжастоўскі першы заўважыў і, сьмяючыся закрычаў: „Гэнія, гэнія, здаецца, прывялі“

— А, вось ён гэній… — прабурчаў пануры стары пан і ўсьміхнуўся: — праўда, якісь асаблівы, быццам з таго сьвету… Але зайца смажыць мастак!

Госьці патроху сьціхлі і павярнулі галовы туды, дзе між двух рослых, здаровых, як дуб‘ё, гайдукоў, стаяў пахілены, зьбялелы кухар.

— Што табе зьдзеілася, дурню? Скажы-тка нам, як ты смажыў зайца?

Кухар толькі шавяліў васковымі вуснамі і нічога не казаў.

Князю было прыкра, што яго чалядзінец такі затуканы і баязьлівы.