Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рагу князёвага ўлюбёнца будзе лютая кара за гэты зьдзек. Ды пальцы сьцягнулі яго карак мёртваю пятлёю і нясьлі ў брыдкім паветры. Калі дзьверы за людзьмі зашчапіліся на чэп, у вольнай руце кухара бліснуў вялізны, жудасны кухонны нож. Кот сабраў рэшткі сіл, сударажна ірвануўся і згубіў прытомнасьць. Гарачая кроў палілася з яго, парэзанага горла, і наступіла вечнасьць.

У вадзін момант садраная скурка была кінута ў дальні кут пад печ, а чырвоны, тлусты, аблуплены катовы труп з адсечанай галавою, ляжаў, як добры, адменны заяц, на стале. Кухаравы рукі набраліся цьвёрдасьці, сэрца патроху сьціхла калаціцца, і кухарская праца закіпела. Час-да-часу кухар шаптаў „Вочча наш“, ксьціўся-маліўся, абціраў пот і маўкліва, старанна смажыў, перчыў, паліваў…

II

— Ой, сэрца, людцы! Ой, сэрца!

Першы раз за ўсё жыцьцё еў князь і яго госьці такога смачнага зайца. — „Вось заяц — дык заяц! — хвалілі госьці: — пальчыкі аблізаць“. Князь прыемна ўхмыляўся і часам нават шкадаваў, нашто калісьці ў страшным гневе скалечыў кухара. — „Заяц добры, але і кухар мой нягоршы, — хваліўся ён: — граф Зібэр-Плятэр суліў мне летась за яго трыста злотых, ды я і за тысячу не аддам; мяркуйце, панове, самі: залатыя рукі, што?“.