Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Смачны заяц

I

Але колькі ўжо прыпадкаў было ў гісторыі, што з самае вяршыні шчасьця чалавек раптоўна звяльваўся ў самае бяздоньне плачу і адчаю.

Князь забіў на ловах пару вялікіх, прыгожых ласёў. Вясёлы, здаволены, бязупынку гамонячы з гасьцьмі, вярнуўся ён да вечару дамоў і заказаў кухару засмажыць адменнага зайца, што забіў учора лоўчы на сьнягу ў пушчы.

Тлусты, чырвоны той заяц ужо ляжаў на стале ў пякарні, і кухар жвава завінуўся ля яго.

Умельствам кухара ганарыўся сам князь і часта хваліўся гасьцём, што другога такога кухара ўва ўсім краі няма.

Кухар гэта ведаў і пільнаваўся ня выскачыць з свае славы.

Сёньня ён асабліва стараўся: князь вярнуўся вясёлы, госьці рагочуць, абед будзе з паляўнічай выпіўкай, — можна і гасьцінца спадзявацца ад іх, а князь назаўтрае пахваліць і добрым часам дасьць чарку гарэлкі.

А не дагодзіш — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесьці, ані легчы.