Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Князь у халаце прашоў да шчанятак. Яго адвярнула: брыдкая, нячыстая, зарумзаная бабішча забілася ў кут, як сава. Падхапілася і рушыла цалаваць князю ў руку. Ён з гідасьцю адхапіў і схаваў руку за сьпіну. З нецярплівай цікавасьцю падышоў да лубачкі і проста зьнямеў: гідкія, нечым аблітыя, ускалмачаныя, з вялізнымі брухамі, раскірэчыўшы каляныя лапкі, ляжалі няжывыя дзеці сьлічнай Лэдзі.

Моўчкі пашоў магнат у габінэт, пляснуў у ладкі і загадаў гукнуць камісара.

— Ведаеце? — каротка спытаўся ён і ня вітаўся, калі прадстануў пан Міхал.

— Ведаю, пане яснавяльможны, няшчасьце…

— Чаму гэта?

— Трэба ўважаць, баба абкарміла іх сваім папсаваным малаком, пане яснавяльможны.

— Абкарміла? Ды як-жа яна пасьмела? Можа быць наўмысьля? Можа быць пачуцьцё пакрыўджанае маткі? О, якая грубасьць, якая нялюдзкасьць у гэным дзікунскім куце! А можа быць і сваволя? Так, так, бязумоўна, сваволя. Тут усе распусьціліся. Распусьціўся войт, распусьцілася чэлядзь, хлопы… Я ня ведаю дзеля чаго я маю камісара. Дзе выкапалі гэтую страшную бабу? Гэтую душагубку? У яе выгляд сапраўднай ведзьмы! Абкарміла, ха, ха! Накарміце ж яе самую так каб аж піць папрасіла! Можаце ісьці. Падбадрыце распушчонікаў. Ага… узвараціць вэтэрынара Будзьку: няхай дасьледуе, чаму акалелі шчанюкі? Закапаць іх разам з Дэдзі.