Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І князь сам пашоў ў пакоі. Пан Міхал засіпеў штосьці на камэрдынэра, на Яську, пасыкнуўся быў да шчанят і вопрамець рынуўся з замку.

Перапуд пашоў сярод чэлядзі і ўсіх людзей. Забегалі туды-сюды з ліхтарамі. Зазьвінелі балабончыкамі хамуты. Сядалі вершнікі, гаўкалі сабакі. Пан Міхал кідаўся па двары і сыпаў праклёны і тэўхалі направа і налева. Паскакалі пасланцы ўва ўсе бакі сустракаць мамак. Гайдук памчаўся ў саначках на скараходзе па Тацяну. А войт сядзеў у пякарні, як хмара. Ніхто ня важыўся ўмаўляць яго. А ён яшчэ ня мог дасканала ўцяміць, што было, і прызвычаіцца да навіны. Адна думка сьвердліла галаву: як ён мог так зблагаваць? Паехаў сам-а-сам па бабу і ня прывёз. Як ён ня сьцяміў тады? Але ўжо не паправіць, прапаў… Пан Міхал, зірнуўшы на момант, грэбліва і зларадасна ахапіў яго поглядам і буркануў: „Псякрэў! Наробіў бяды. Будзеш ты цяпер ведаць у мяне“.

Пад поўнач прывязьлі Турботную і ўрынулі к шчанюком.

А пад раньне і тыя трое здохлі.

Увесь замак ведаў і прыцішыўся перад гразою, чакаў князеўскага абуджэньня.

І князь прачнуўся.

— Прачнуўся, прачнуўся, зашасьцела па ўсіх закутках замку, праняслося па двары і ў чорных хатах.