Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бязьлюднае сьнегавое поле ізноў супакайвала, але зараджала ў глыбакосьцях душы нязнаную нуду.

III

— Закапаць іх разам з Лэдзі!

— Ну, войт, вязеш бабу? — сустрэў Рымарчука ля замку камісар увечары.

Войт доўга меркаваў, як адказаць.

— А ці з далёкіх ні аднэй не прывязьлі, вашмосьць? — спытаўся ён.

— Хто-ж павінен ведаць? Для чаго ёсьць войт? Ты езьдзіў па бліжэйшую?

— Я, так, вашмосьць. Незабавам, пане, прывязуць бабу.

— А шчаняты дагэтуль некармлёныя! Сьцеражыся, войце! Князь не падзівуе, што ты войт.

А князь сядзеў на кукярэчках ля лубачкі ў пакоі шчанятак і бедаваў. Яшчэ трое шавалілісь і барохталісь, жаласна канькалі і лезьлі адно на аднаго. А самы дробненькі ляжаў нярухома, у бачку, закруціў галоўку і выцягнуў лапкі. Ён здыхаў. Стаялі сподачкі з малаком. Стаялі пачціва ля дзьвярэй сівы камэрдынэр і засмучоны псар Яська.

— Мае гаротныя лэдзіняткі! Мае бяздольныя дробныя цюцечкі, — квохаў князь, гладзячы мякенькую шэрстачку, і з любасьцю пачуваў, як піхаюць у яго руку голыя мордачкі і жаласна хныкаюць.

— Ну, што-ж баба? Дзе-ж баба? — раздражнёна пытаўся князь, ня гледзячы на людзей.

— Няма яшчэ, яснавяльможны пане, — казаў камэрдынэр, а Яська гмурыўся й маўчаў.