Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За яе, праклятую, то й дзіві, і сам страціш панскую ласку. Дапраўды, і не яго-то, войтаўскі, абавязак клапаціць аб тым, што дзеецца ў самым замку. Але ён — стары, зьведаны служака, і на яго валяць усе труднейшыя і няпрыемныя даручэньні. Рымарчук, ідучы ў чорную хату, клапатліва загінаў пальцы: вэтэрынара да вайсковага начальніка выслалі (тут войт з прыкрасьцю зморшчыўся, успомніўшы сьлёзы і выцьцё); ямку сучцы ў старым парку капаюць; з заказам на помнік у N ужо паехалі; псара Яську, што забыўся наказаць апальшчыку сагрэць пакой, дзе шчаняткі, абсеклі: застаецца глаўнае і самае дрэннае: знайсьці і даставіць у замак мамку. І як мага барджэй. Каб цябе ліха — дзе-ж яе так зараз знойдзеш? Але ведама, што ў пяцёх акругах ёсьць мамкі. Толькі ўсё надта далёкія, вёрст за дваццаць, трыццаць і далей. Трэба гнаць пасланцоў па ўсіх, а самому трэба ехаць па самую бліжэйшую. Каля чорнай хаты ўжо прыбіралі яму вазок, але пасланцы ня ўсе справіліся, і войт узлаваўся і падняў на іх галас, дражліва перавёў марудных бізуном, што насіў за паясом, як адзнаку войта. З крыкамі і лаянкаю сеў ён у вазок, піхнуў паваждая ў сьпіну і пакаціў па мамку…

Бязьлюднае сьнегавое поле супакайвала.

Шэра і аднастайна было наўкола. Ані жывой душы, Прыдарожныя бярозы бязуважна нудзіліся ў сваім сярэбраным прыбраньні. На ўзгорачку, у кусточку пырхала нейкая азызлая птушачка з чырвоным волем. І сумныя ці