Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— З гэтага выпадае, мой каханы пане, што дабрачынная мужычка знойдзецца і для Лэдзіных сіротак!

— Думка не благая! Толькі мне замінае тое, што нашыя хлопы яшчэ надта цёмныя, дурныя… Баба, напэўна, не зразумее, што моральнай крыўды для яе асобы тут няма, калі ходзіць аб выратаваньні сіротак… А я, пане мой, хоць можа гэта сьмех, ня хочу зьвязваць такіх, таго… такіх бабскіх пачуцьцяў з успамінкамі аб маёй Лэдзі. Не, ня хочу!

— О, то-то-то! У словах каханага пана чуецца даўгое быцьцё ў Ангельшчыне. А я скажу пану: я болей за каханага бавіў час у нашых баславёных пушчах і дух нашых хлопаў я, мой залаты пане, до-о-бра ведаю. Пане! любая баба за гонар будзе лічыць і пойдзе з прыемнасьцю… Пабыць у самым замку! — для іх то гэта вялікае шчасьце…

— Так, мой пане. Але я, таго… не хацеў-бы я, каб гэта пачалося ад мяне.

— Божухна мой! Толькі міргніце аканому ці там войту…

— А ўсё-ж, таго, няпрыемна. І толькі дзеля свае Лэдзі, дзеля яе бездапаможненькіх сіротак, я складу ўсякую ахвяру. Ай, Лэдзі, Лэдзі мая! Яе ўжо няма.

II

— Забіце, замучце — непаеду а!..

Поўны клопату, стары войт Рымарчук зраньня быў ня ў гумары і ў думках пасылаў да ўсіх чартоў здохлую заморскую сучку.