Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але не, пане! Бач, яны нават лактаць ня здолеюць, ім трэба ссаць.

— Рацыя, рацыя, мой каханы пане. Але-ж ведаю некалькі прыпадкаў, што зьвераняткі, пакінутыя ў гэткім стане, гадаваліся.

— Ну хто заступіць ім Лэдзі? Ніхто!

— Так, гэта рэч няпростая. Але памяркуем…

Грабя ўзяў зялезны кіёчак і біў вугальле ў каміне. Чырвоны водбліск ківаўся на яго вялікай і магутнай постаці. Даўгія вусы з гонарам віселі па бакох вуснаў, што грэбліва, папанску, выпіналіся.

— Мне прышло ўдум штосьці добрае, мой каханы пане, — сказаў ён і павярнуўся галавою ў бок да гаспадара: — сёньня на паляваньні стары палясоўшчык пераказаў мне цікаўную прыгоду. Можа казка, можа — не. Спазьнілася адноўчы ў полі мужычка з дзіцёначкам. Мядзьведзь злавіў яе і з дзіцёнкам прыцягнуў у сваю мярлогу. Быў удавец, — мядзьведзіца яго здохла, пакінуўшы дзяцей, — дык залучыў бабу, каб была ў яго за гаспадыню. Баба выкарміла медзьвянят разам з сваім дзіцёнкам. Мядзьведзь, як лыцар, дбаў аб усёй сямейцы, прынасіў мёду, хлеба і ўсяго, што задавалася сьцягнуць на полі ў мужыкоў, у вульлёх, у зямца і абы-дзе. Калі медзьвяняты падрасьлі, добры іх бацька пусьціў тую мамку на волю, нават паднёс, кажуць, яе хлапца да самага поля.

— З гэтага выпадае, пане?..