Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але бяссонны дзядуля, размачыўшы лыкі і сеўшы ў кажусе на калодачку пасярод хаты, любіць гэтым часам разьвеяць сонны сум у маладых сваімі пераказамі аб розных прыгодах з даўнае мінуўшчыны.

Пляце дзядуля старадаўнія плятні і любіць іх, як свае лапці, а ўжо яго, старэйшы ўнук, яшчэ і не дзяцюк, а толькі ладны хлопчык, што ні ў вошта, аднак, ставіць лапці перад ботамі, ужо ён ня можа ўцерпіць — і перабівае ціхую стройную плынь казаньня й слуханьня. Бунтуецца яго маладое сэрца супроць нёзразумелай для яго пакоры панскіх падданых;

— А каб на мяне — кажа ён дзеду, — то ўзяў-бы я добры кол, прыпільнаваў-бы пана дзе-небудзь у зручным куточку ды так-бы сьвіснуў яго поўху, што ён-бы і сваіх не пазнаў! Ня стаў-бы другі раз сячы людзей.

— Эх, братка ты мой, братка! — усьміхаецца на ўнука дзед. — Няўжо-ж ты гэтак любіш біцца? Ці табе, такому маладому, так казаць! Брыдка гэта — біцца… Але быў — у нас адзін: бывала, як яго сячы, возьме кол, стане ў кут і не даецца. „Палезьце толькі! Першаму, кажа, растаўку мазгаўню“. А потым уцячэць у лёс і басьцяецца дзён дзесяць. Але што-ж? Ня дзе-ж яму дзецца — вернецца сам або яго зловяць. Схопяць зьнянацку, зьвяжуць, пакладуць на ўслоне, пара людзей сядуць на ногі, пара на галаву, а трэцяя пара з двух бакоў так длупцуюць беднага, што пасьля яшчэ дзён колькі ляжыць ды стогне…

— Каб усе не даваліся, як ён, то не абсеклі-б!