Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але калі Уолтэр палічыў яе словы за дазвол ўвайсці і пераскочыў, місіс Мак-Стынджэр адразу-ж запыталася, ці з’яўляецца дом англічанкі яе крэпасцю ці не і няўжо да яе можа ўрывацца ўсякі гультай? Уолтэр, падняўшыся па маленькай лесвіцы праз штучны туман, выкліканы мыццём бялізны, увайшоў у пакой капітана Каталя і заспеў гэтага джэнтльмена ў засадзе за дзвярыма.

— Ніколі ніводнага пені не быў ёй вінен, Уольр, — сказаў капітан Катль ціхім голасам, з тварам, відавочна выказваючым перапалох. — Рабіў ёй кучу паслуг і дзецям яе. Усё-ж такі часамі яна — ведзьма. Цьфу!

— Я адсюль-бы выехаў, капітан Катль, — сказаў Уолтэр.

— Не адважуся гэтага зрабіць, Уольр, — адказаў капітан. — Яна мяне знойдзе, дзе-б я не быў. Сядайце. Як Джылс?

Капітан (у капелюшы) абедаў; абед яго складаўся з халоднай бараніны, портэра і гарачай бульбы, якую сам варыў і па меры патрэбнасці вымаў з невялікай каструлі, якая змяшчалася над агнём у каміне. У абедзены час ён адвінчваў свой кручок і замест яго ўвінчваў у драўлянае гняздо нож, якім пачаў ужо ачышчаць бульбу для Уолтэра.

— Як Джылс? — запытаўся капітан.

Уолтэр, які да гэтага часу аддыхаўся, але затое страціў бадзёрасць — часовы ўздым, выкліканы хуткай хадзьбой, — паглядзеўшы з хвіліну на капітана Катля, сказаў: «О, капітан Катль!» і заліўся слязмі.

Няма слоў, каб паказаць жах капітана, выкліканы гэтым відовішчам. У яго вывалілася з рук бульба і відэлец — вываліўся-б і нож, калі-б гэта было магчыма, — і капітан сядзеў, пазіраючы на хлопчыка, нібы падрыхтаваўся пачуць адразу-ж, што Зямля раскалолася ў Сіці і паглынула яго старога прыяцеля, кафейнага колеру касцюм, гузікі, хранометр, акуляры і ўсё іншае.

Але калі Уолтэр паведаміў яму, што, па сутнасці, адбылося, капітан Катль, падумаўшы хвіліну, праявіў жывую дзейнасць. Ён выклаў з маленькай металічнай чайніцы, якая стаяла на верхняй паліцы буфета, увесь свой наяўны капітал (трынаццаць фунтаў і поўкроны), які паклаў у адну з кішэнь свайго шырокага сіняга фрака; пасля ўзбагаціў гэтае сховішча тым, што было ў скрынцы са сталовым срэбрам, а іменна: двума сцёртымі шкілетамі чайных лыжак і старамоднымі крывымі шчыпцамі для цукру; выняў свой вялізны срэбны з падвойнай крышкай гадзіннік са дна, дзе ён спачываў, каб упэўніцца, што гэтая каштоўнасць цэлая і непашкоджаная; зноў прывінціў кручок да правага запясця; нахіліўшы сукаватую палку, прапанаваў Уолтэру рушыць у дарогу.

— Дзядзя вельмі пахіснуўся, Уольр? — запытаўся капітан, калі яны ішлі па вуліцы.

— Бадай, што так. Калі-б вы яго бачылі сёння раніцой, вы ніколі-б гэтага не забыліся.

90