каб прапусціць якое-небудзь вандруючае страшыдла, — судно, што прабіралася ўдоўж вуліцы. На Брыгплейс узнікла жыллё капітана Катля, дзе другі паверх быў у той-жа самы час і самым верхнім.
Капітан быў адным з тых людзей, у якіх вопратка і само цела нібы выцесаны з аднаго кавалка дуба: самае палкае ўяўленне наўрад ці можа аддзяліць ад іх нават самую нязначную частку іх вопраткі. Таму, калі Уолтэр пастукаў у дзверы, а капітан зараз-жа высунуў галаву з маленькага акенца, што выходзіла на вуліцу, і паклікаў яго, прычым, як заўсёды, на ім ужо быў адзеты цвёрды глянцавіты капялюш, рубашка з каўнерыкам, канцы якога былі падобны да паруса, і прасторны сіні касцюм, Уолтэр быў зусім пераконаны, што ён заўсёды бывае ў такім выглядзе, нібы капітан быў птушкай, а касцюм — яго апярэннем.
— Уольр, мой хлопчык! — сказаў капітан Катль. — Трымайцеся мацней і пастукайце яшчэ раз. Мацней! Сёння мыццё бялізны.
Уолтэр з нецярплівасці аглушальна застукаў дзвярным малатком.
— Вось гэта здорава! — сказаў капітан Катль і адразу-ж схаваўся, нібы чакаў шквалу.
І ён не памыліўся, бо ўдава-лэдзі з рукавамі, закасанымі да плячэй, і рукамі, якія былі пакрыты мыльнай пенай і дыміліся ад гарачай вады, з’явілася на стук са здзіўляючай хуткасцю. Перш чым паглядзець на Уолтэра, яна зірнула на дзверны малаток, а пасля, змераўшы поглядам хлопчыка з галавы да ног, выказала здзіўленне, што малаток астаўся цэлым.
— Наколькі мне вядома, капітан Катль дома, — сказаў Уолтэр з ліслівай усмешкай.
— Дома? — адказвала ўдава-лэдзі. — Вось як!
— Ён толькі што гаварыў са мною, — спяшаючыся паясніў Уолтэр.
— Гаварыў? — адказала ўдава лэдзі. — У такім выпадку, магчыма, вы перадасцё яму прывітанне ад місіс Мак-Стынджэр і скажаце, што ў наступны раз, калі ён прынізіць сябе і сваю кватэру, перагаварваючыся праз акно, яна будзе яму ўдзячна, калі ён таксама спусціцца ўніз і адчыніць дзверы.
Місіс Мак-Стынджэр гаварыла моцна і прыслухоўвалася, ці не будзе якіх-небудзь заўваг з другога паверху.
— Я перадам, — сказаў Уолтэр, — калі вы будзеце ласкавы і ўпусціце мяне, пані.
Справа ў тым, што яго ўтрымлівала драўлянае ўмацаванне, якое цягнулася ўпоперак дзвярэй і было прыладжана тут для таго, каб юныя Мак-Стынджэры ў вольны час не скаціліся са ступенек.
— Адважуся спадзявацца, — пагардліва сказала місіс Мак-Стынджэр, — што хлопец, які можа выламаць мае дзверы, здолее і пераскочыць цераз гэта.