сноўдаюцца кожную хвіліну міма крамы, мяне так і падбівае выскачыць, схапіць каго-небудзь за шыварат, прыцягнуць сюды і прымусіць яго купіць на пяцьдзесят фунтаў інструментаў за наяўныя грошы. Не трацьце бадзёрасці, дзядзя. Ужо калі пачнуць паступаць заказы, іх будзе такая куча, што вы не зможаце іх выканаць.
Стары Соль паспрабаваў прыняць бадзёры выгляд і, як толькі мог, весела ўсміхнуўся яму цераз маленькі стол.
— Нічога асаблівага не здарылася праўда, дзядзя? — запытаўся Уолтэр, апіраючыся локцямі на паднос і нахіляючыся ўперад. Калі што-небудзь здарылася, дык будзьце са мною адкрытымі, дзядзя, і раскажыце мне ўсё.
— Не! не! не! — адказваў стары Соль. — Асаблівае? Не! не! Што-ж асаблівага магло здарыцца?
У адказ Уолтэр недаверліва паківаў галавой.
Саламон Джылс гаварыў, што нічога не здарылася, і сцвярджаў гэта з такой рашучасцю, што пляменніку нічога не аставалася рабіць, як вельмі нямудра прытварыцца, нібы ён яму паверыў.
— Я адно магу сказаць, дзядзя Соль: калі што-якое…
— Але нічога не здарылася, — сказаў Саламон.
— Вельмі добра, — адказваў Уолтэр. — Значыць, мне няма чаго больш сказаць, і гэта вельмі добра, таму што мне час ісці на службу. Я загляну сюды мімаходам, дзядзя, паглядзець, як вы маецеся. І памятайце, дзядзя! Больш я ніколі не буду вам верыць і ніколі не буду расказваць пра містэра Каркера-малодшага, калі даведаюся, што вы мяне ашукваеце!
Саламон Джылс, смеючыся, параіў яму даведацца аб чым-небудзь накшталт гэтага, і Уолтэр, абмяркоўваючы, як разбагацець і стварыць Драўлянаму Мічману незалежнае становішча, накіраваўся ў кантору Домбі і Сына з такім панурым выглядам, з якім звычайна туды не з’яўляўся.
У тыя дні жыў за рогам — на Бішопсгейт-стрыт — нейкі Бролі, прысяжны маклер і ацэншчык, які меў краму, дзе рознастайная паношаная мэбля выстаўлена была ў самым недарэчным выглядзе і ў палажэнні і камбінацыях, зусім неадпаведаючых яе прызначэнню. Дзюжыны крэсел, прычэпленых да ўмывальнікаў, якія з вялікай цяжкасцю наваліліся на плечы буфетаў, што ўзабраліся ў сваю чаргу на перакуленыя абедзеныя сталы, якія па-гімнастычнаму задралі ногі на другіх абедзеных сталах, мясціліся параўнаўча яшчэ ў парадку.
Сам містэр Бролі быў румяным, кучаравым, дзябёлым чалавекам з вільготнымі вачыма і згодлівым характарам. Іншы раз ён заглядаў у краму Саламона, каб запытацца што-небудзь аб інструментах, з якімі меў справу Саламон, і Уолтэр ведаў яго досыць добра, каб вітацца з ім, сустракаючыся на вуліцы; але з тае прычыны, што гэтым і абмяжоўвалася знаёмства маклера з Саламонам Джылсам, то Уолтэр нямала здзівіўся, калі вяр-