Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

з туманнай надзеяй сустрэць на вуліцы маленькую Фларэнс. Але адносіны ў яго да гэтага былі зусім блазноцкія і наіўныя. Фларэнс была вельмі прыгожанькай, а любавацца прыгожанькім тварыкам прыемна. Фларэнс была безабароннай і слабай, і ён з гордасцю думаў аб тым, што яму ўдалося быць яе заступнікам і дапамагчы ёй. Фларэнс была самым удзячным маленькім стварэннем у свеце, і вельмі прыемна было бачыць яе твар, які свяціўся гарачай удзячнасцю. На Фларэнс не звярталі ўвагі і адносіліся да яе з халоднай пагардай, і сэрца яго напоўнілася юнацкай зацікаўленасцю да закінутага дзіцяці ў нудным, велічным доме.

Вось чаму здарылася так, што, магчыма, разоў шэсць на працягу года Уолтэр раскланьваўся з Фларэнс на вуліцы, а Фларэнс спынялася, каб паціснуць яму руку.

Такім чынам Уолтэр не толькі не забыўся аб знаёмстве з Фларэнс, але яна ўсё глыбей і глыбей адбівалася ў яго памяці. Іншы раз ён думаў, як было-б дзівосна, каб ён пайшоў у плаванне на другі дзень пасля гэтай першай сустрэчы; там ён рабіў-бы цуды, пасля доўгай адсутнасці вярнуўся-б адміралам, які зіхаціць усімі колерамі, як дэльфін, або прынамсі капітанам паштовага судна з нясцерпна бліскучымі эпалетамі, жаніўся-б на Фларэнс (да таго часу прыгожай маладой жанчыне), не гледзячы на зубы, гальштук і ланцужок ад гадзінніка містэра Домбі, і з урачыстасцю павёз-бы яе куды-небудзь да сініх берагоў. Але гэтыя палёты фантазіі рэдка пакрывалі медную таблічку канторы Домбі і Сына глянцам залатой надзеі, і калі капітан і дзядзька Соль вялі гутаркі аб Рычардзе Уітынгтоне і гаспадарскіх дочках, Уолтэр адчуваў, што разумее сапраўднае сваё становішча ў Домбі і Сына значна лепш, чым яны.

Вось чаму ён з дня на дзень прадаўжаў рабіць тое, што павінен быў рабіць у бадзёрым, старанным, вясёлым настроі: бачыў наскрозь дзядзьку Соля і капітана Катля з іх ружовымі надзеямі і, аднак, захапляўся сваімі ўласнымі смутнымі і фантастычнымі марамі, у параўнанні з якімі іх мары былі буднічнымі.

— Дзядзя Соль, — сказаў Уолтэр, — мне здаецца, вы нездаровы. Вы нічога не елі ў часе снедання. Калі так будзе далей, я запрашу доктара.

— Ён не можа даць тое, што мне патрэбна, мой хлопчык, — сказаў дзядзька Соль. — А калі можа, значыць у яго вельмі багатая практыка… і ўсё-такі ён не дасць.

— Што-ж гэта такое, дзядзя? Пакупнікі?!

— Так, — уздыхнуўшы, адказваў дзядзька Соль. — Пакупнікі спатрэбіліся-б.

— Чорт пабяры, дзядзя! — усклікнуў Уолтэр, са стукам паставіўшы чашку і ляснуўшы рукой па стале. — Калі я бачу, як людзі натоўпамі ходзяць цэлы дзень па вуліцы і дзесяткамі

86