яе, і грэў рукі і зноў глядзеў на яе, і іншы раз даводзіў да поўнага замяшання місіс Піпчын, хоць яна і была людаедкай. Аднойчы, калі яны былі ўдваіх, яна запыталася ў яго, аб чым ён думае.
— Пра вас, — адкрыта сказаў Поль.
— А што-ж вы пра мяне думаеце? — запыталася місіс Піпчын.
— Думаю аб тым, якая вы, мабыць, старая, — сказаў Поль.
— Малады джэнтльмен, пра такія рэчы думаць не трэба, — запярэчыла дама. — Гэта нікуды не варта.
— Чаму нікуды не варта? — запытаўся Поль.
— Таму што гэта недалікатна, — злосна сказала місіс Піпчын.
— Недалікатна? — сказаў Поль.
— Так.
— Уікем гаворыць, — наіўна сказаў Поль, — што недалікатна з’ядаць усе бараннія катлеты і тосты.
— Уікем, — пачырванеўшы, адрэзала місіс Піпчыін, — злая, бессаромная, дзёрзкая нахабніца.
— Што гэта такое? — запытаўся Поль.
— Нічога, сэр! — адказвала місіс Піпчын. — Успомніце расказ аб маленькім хлопчыку, якога насмерць закалоў шалёны бык за тое, што ён прыставаў з запытаннямі.
— Калі бык быў шалёны, — сказаў Поль, — адкуль ён мог ведаць, што хлопчык прыстае з запытаннямі? Ніхто не стане шаптаць на вуха шалёнаму быку. Я не веру гэтаму расказу.
— Вы яму не верыце, сэр? — са здзіўленнем запыталася місіс Піпчын.
— Не веру, — сказаў Поль.
— Ну, а калі бык быў рахманы, тады вы паверыце? — запыталася місіс Піпчын.
З тае прычыны, што Поль не задумваўся над пытаннем з гэтага пункту гледжання і абгрунтоўваў свае заключэнні на выяўленым шаленстве быка, то ў сучасны момант ён згадзіўся прызнаць сябе пераможаным. Але ён сядзеў і разважаў аб гэтым з такім выразным намерам як мага хутчэй загнаць у тупік місіс Піпчын, што нават гэта суровая старая лэдзі палічыла за лепшае адступіць, пакуль ён не забыўся аб гэтым прадмеце.
З гэтага дня місіс Піпчын, здавалася, адчула, што яе неяк дзіўна горне да Поля, як гарнуўся да яе Поль. Яна прымушала яго прысоўваць крэселца да яе крэсла ля каміна замест таго, каб садзіцца насупраць; і тут сядзеў ён у куточку паміж місіс Піпчын і каміннай рашоткай; усё святло, якое зыходзіла ад яго тварыка, паглыналася чорнымі бамбазінавымі складкамі, і ён вывучаў кожную рысачку і зморшчыну на яе фізіяноміі і заглядаў у жорсткія шэрыя вочы, так што місіс Піпчын іншы раз мімаволі іх заплюшчвала, прытвараючыся што дрэмле. У місіс Піпчын быў стары чорны кот, які звычайна ляжаў скруціўшыся ля сярэдняй ножкі каміннай рашоткі, самаўлюбёна мурлыкаючы і жму-