мар, з кручкаватым носам і жорсткімі шэрымі вачыма, па якіх, здавалася, можна было біць молатам, як па кавадлу, не прычыніўшы ім ніякай шкоды. Прынамсі сорак год прайшло з таго часу, як Перуанскія капальні звялі ў магілу містэра Піпчына, аднак, удава яго ўсё яшчэ насіла чорны бамбазін[1] такога цмянага, густога, мёртвага і змрочнага тону, што нават газ не мог яе асвятліць з надыходам цемры і прысутнасць яе дзейнічала, як тушыльнік, на любую колькасць свечак. Усе яе называлі «надзвычайнай выхавальніцай»; а тайна яе выхавання была ў тым, каб даваць дзецям усё, чаго яны не любяць, і не даваць таго, што яны любяць.
Замак гэтай людаедкі і ўціхамірвальніцы дзяцей быў у крутым завулку Брайтона. Зімой паветра не магло вырвацца з замка, летам не магло пранікнуць у яго. Вецер заўсёды абуджаў рэха, якое гудзела, як вялізная ракавіна, якую жыхары замка павінны былі і ўдзень і ўночы трымаць ля свайго вуха, падабаецца ім гэта ці не падабаецца. Пахі ў доме, натуральна, свежасцю не вызначаліся, а на акне, у гасцінай, якое ніколі не адчынялася, місіс Піпчын трымала калекцыю раслін у гаршках, што прымешвалі свой уласны зямлісты пах да паху памяшкання.
З тае прычыны, што місіс Піпчын брала вялікую плату з усіх, хто мог плаціць, і з тае прычыны, што місіс Піпчын вельмі рэдка змякчала свой нязменна ўедлівы нораў дзеля каго-б там ні было, яе лічылі старой лэдзі з надзіва цвёрдым характарам, якая ўладае зусім навуковымі ведамі дзіцячай прыроды. Апіраючыся на гэту рэпутацыю і на разрыў сэрца містэра Піпчына, яна ўхітралася пасля смерці свайго мужа выкалачваць досыць значныя сродкі для жыцця. Праз тры дні пасля першага ўспамінання аб ёй місіс Чык гэта надзвычайная старая лэдзі мела прыемнасць атрымаць у выглядзе задатку з кішэні містэра Домбі вельмі добры дадатак да пастаянных сваіх даходаў і прыняць Фларэнс і яе маленькага брата Поля ў лік жыхароў замка.
Місіс Піпчын, стоячы спіной да каміна, разглядала ўноў прыбыўшых, нібы стары салдат. Пляменніца місіс Піпчын, асоба сярэдніх год, добрадушная і адданая яе нявольніца, але на выгляд худая і непрыступная, якая вельмі пакутвала ад прышчоў на носе, здымала з майстра Байтэрстона чысты каўнерык, які быў адзеты яму з прычыны парада. Другая — апошняя ў той час — маленькая пансіянерка, міс Пенкі, была адведзена ў той момант у цямніцу замка (пусты пакой у сярэдзіне дома, які быў прызначан для папраўчых мэт) за тое, што яна тры разы фыркнула ў прысутнасці гасцей.
— Ну, сэр, — сказала місіс Піпчын Полю, — як вы думаеце, будзеце вы мяне любіць?
- ↑ Бамбазін (лац.) — шоўкавая або шарсцяная тканіна асобага вырабу.