Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

рука абыяк абвілася вакол шыі. Так падымаліся яны памаленьку: яна ўвесь час спявала, і час ад часу Поль мармытаў, ціхенька ёй падпяваючы. Містэр Домбі глядзеў ім услед, пакуль яны не ўзышлі на пляцоўку лесвіцы між іншым, — не раз спыняючыся адпачыць, — і не зніклі з вачэй; але і тады ён стаяў і глядзеў яшчэ наверх, пакуль бледныя праменні месяца, які меланхалічна мігацеў праз цмяныя вокны ў столі, не прагналі яго назад, у яго пакой.

На другі дзень місіс Чык і міс Токс былі запрошаны ў часе абеду на нараду; калі прыбралі са стала, містэр Домбі адкрыў паседжанне, патрабаваўшы, каб яму паведамілі без змякчэння і змоўчвання, ці ўсё добра з Полем і што сказаў пра яго, містэр Пілкінс.

— Дзіця, — заўважыў містэр Домбі, — не такое моцнае, як мне-б хацелася.

— З уласцівай вам здзіўляючай наглядальнасцю, дарагі мой Поль, — адказвала місіс Чык, — вы адразу трапілі ў цэль. Наш любімец, бадай, не такі моцны, як нам-бы хацелася. Ах, як разважае гэта чароўнае дзіця! — прадаўжала місіс Чык, ківаючы галавой. — Ніхто-б гэтаму не паверыў. Вось учора, напрыклад, Лукрэцыя, яго заўвагі на тэму аб пахаванні...

— Баюся, — сказаў містэр Домбі, сярдзіта перабіваючы яе, — што нехта з гэтых асоб там, наверсе, гаворыць з дзіцем на не зусім добрыя тэмы. Учора ўвечары ён загаварыў са мною пра свае... пра свае косці, — сказаў містэр Домбі, са злосцю падкрэсліваючы гэта слова. — Якая каму справа да... да касцей майго сына? Пасля пахаванне! Хто гаворыць дзіцяці аб пахаванні? Спадзяюся мы не трунары, не наёмныя плакальшчыкі, не магільшчыкі.

— Зусім не, — уставіла місіс Чык з многазначным выглядам.

— Дык хто-ж убівае яму ў галаву такія думкі? — запытаўся містэр Домбі. — Дапраўды, учора вечарам, я быў вельмі засмучаны і абураны. Хто ўбівае яму ў галаву такія думкі, Луіза?

— Дарагі мой Поль, — сказала місіс Чык, памаўчаўшы секунду, — няма сэнсу расследваць. Скажу вам адкрыта, я не думаю, каб Уікем была асобай, якая вызначаецца вясёлым характарам, але яна надзвычай уважлівая, услужлівая і зусім не саманадзейная; дапраўды, я ніколі яшчэ не сустракала такой згаворлівай жанчыны. Калі мілае дзіця, — прадаўжала місіс Чык такім тонам, нібы падводзіла вынік таму, аб чым папярэдне ўжо дагаварыліся, хоць усё гэта яна выказвала ўпершыню, — крыху паслаблена гэтым апошнім прыступам хваробы і вызначаецца не такім зайздросным здароўем, як нам было-б пажадана, і калі арганізм маленькага Поля часова аслабеў і часамі траціць здольнасць карыстацца сваімі...

Місіс Чык пабаялася сказаць — членамі, пасля нядаўняга выпаду містэра Домбі супроць касцей, і таму чакала дапамогі

75