штодзённа атрымліваў які-небудзь новы напамінак аб сваёй адстаўцы, у той час як містэр Чык, пазбавіўшыся хатняга нагляду, рынуўся ў вясёлую грамаду і абедаў у клубах і кафейнях.
Аднак, не гледзячы на надзеі, якія ён падаваў у самым пачатку, увесь гэты догляд і клопаты не маглі зрабіць маленькага Поля здаровым, прыгожым і жыццерадасным хлопчыкам. Кволы, магчыма, ад прыроды, ён худзеў і марнеў пасля звальнення карміліцы і нібы толькі і чакаў выпадку вырвацца ў іх з рук і знайсці сваю страчаную матку. Кожны зуб быў для яго грозным бар’ерам, а кожны струпок у часе адзёру — каменнай сцяной. Яго валіў з ног кожны прыступ коклюша, і на яго налятала і накідалася цэлае мноства недамаганняў, якія ішлі кучай адно за другім, не даючы яму зноў падняцца. Місіс Уікем часта гаварыла, што ніколі не бачыла малюткі, якому-б даводзілася так дрэнна.
Місіс Уікем была жонкай афіцыянта, жаданне якой паступіць на службу да містэра Домбі было спаткана прыхільна і якая дні праз два пасля раптоўнага адняцця Поля ад грудзей была нанята яму за няньку. Місіс Уікем была ціхманая белакурая жанчына з узнятымі брывамі і апушчанай галавой, якая гатова заўсёды пашкадаваць сябе або выклікаць да сябе жаль або пашкадаваць каго-небудзь іншага і якая вызначалася дзівосным прыродным дарам бачыць усё ў вельмі змрочным і сумным святле.
Бадай ці патрэбна ўспамінаць аб тым, што ніводзін намёк на гэту якасць ніколі не даходзіў да ведама велічнага містэра Домбі. Было-б сапраўды надзвычай добра, калі-б здарылася інакш, калі ніхто ў доме — не выключаючы місіс Чык і міс Токс — не адважваўся нават шапнуць яму па якому-б там ні было поваду, што ёсць хоць мізэрная падстава для таго, каб турбавацца аб маленькім Полі. Ён вырашыў у думках, што дзіця абавязкова павінна па заведзенаму парадку перахварэць на несур’ёзныя хваробы і чым скарэй яно гэта зробіць, тым лепш. Калі-б ён мог яго выкупіць або знайсці намесніка, як знаходзяць для выцягнуўшага няўдачную апалчэнскую жараб’ёўку, ён зрабіў-бы гэта з радасцю і не паскупіўшыся. Але з тае прычыны, што гэтага нельга было ажыццявіць, ён толькі зрэдку не разумеў з уласцівай яму высокамернасцю, што, па сутнасці, хоча сказаць гэтым Прырода, і цешыўся думкай, што яшчэ адна прыдарожная веха асталася ззаду і вялікая мэта падарожжа значна наблізілася. Бо пераважаючым у яго пачуццём, якое ўвесь час узмацнялася па меры таго, як падрастаў Поль, была нецярплівасць. Нецярплівае чаканне моманту, калі мара яго аб іх аб’яднаным уплыве і веліччы ажыццявіцца з трыумфам.
Тым не менш ён любіў сына, наколькі наогул быў здольны любіць. Калі быў цёплы закутачак у яго халодным сэрцы, то гэты закутачак быў заняты сынам; калі на цвёрдай паверхні яго можна было пакінуць нейчы вобраз, то на ёй быў пакінуты вобраз гэтага сына; але не столькі вобраз дзіцяці або хлопчыка, колькі дарослага чалавека — «Сына» фірмы. Таму яму не цярпе-