Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

генскім і птушыным: вальсамі, уласнаручна перапісанымі міс Токс у нотны сшытак.

Апрача ўсяго гэтага, міс Токс даўно ўжо ўбіралася незвычайна рупліва і элегантна ў поўтраур. Але гэта акалічнасць дапамагла маёру выйсці з цяжкага становішча, і ён рашыў сам з сабой, што яна атрымала маленькую спадчыну і заганарылася.

У наступны-ж дзень пасля таго, як маёр прышоў да такога рашэння і супакоіўся, ён, снедаючы, убачыў у маленькай гасцінай міс Токс з’яву такую ўзрушаючую і здзіўляючую, што некаторы час аставаўся прыбітым да крэсла; пасля кінуўся ў другі пакой і вярнуўся з тэатральным біноклем, праз які разглядаў гэту з’яву ўважліва на працягу некалькіх хвілін.

— Гэта дзіця, сэр, — сказаў маёр, ссоўваючы бінокль. — Іду ў заклад на пяцьдзесят тысяч фунтаў!

Маёр не мог гэтага забыцца. Ён нічога не мог рабіць і толькі свістаў і выпучваў вочы да такой ступені, што ў ранейшым стане яны здаліся-б глыбока запалымі і праваліўшыміся. Дзень за днём, два, тры, чатыры разы на тыдзень паяўлялася гэтае дзіця. Маёр па-ранейшаму выпучваў вочы і свістаў. Міс Токс перастала цікавіцца, чым ён заняты. Калі-б з сіняга ён зрабіўся чорным, на яе гэта не зрабіла-б уражання.

Настойлівасць, з якой яна ішла з пляца Прынцэсы, каб даставіць гэтае дзіця і яго няньку, варочалася з імі і зноў іх адводзіла і заўсёды вартавала іх, была незвычайная. Прыблізна ў гэты-ж час у яе выявілася ахвота разглядаць нейкі браслет, а таксама ахвота глядзець на месяц, на які яна падоўгу глядзела з акна сваёй спальні.

— Вы зусім заваюеце сэрца майго брата Поля, гэта шчырая праўда, дарагая мая, — сказала аднойчы місіс Чык.

Міс Токс збялела.

— З кожным днём ён робіцца больш падобным да Поля, — сказала місіс Чык.

Замест адказу, міс Токс узяла на рукі маленькага Поля і сваімі ласкамі зусім пакамячыла і сплюшчыла яго банцік.

— А яго матка, любая мая, — сказала міс Токс, — з якой я павінна была пазнаёміцца пра вас, ён хоць крыху падобен да яе?

— Ні капелькі, — адказвала Луіза.

— Анёл! — усклікнула міс Токс, звяртаючыся да маленькага Поля. — Выліты партрэт свайго татулі!


РАЗДЗЕЛ VIII

Далейшае развіццё, рост і характар Поля.

Пасля грэхападзення і выгнання Рычардс дзіцячы пакой быў перададзен, можна сказаць, у распараджэнне камісіі. Членамі камісіі былі, зразумела, місіс Чык і міс Токс, якія аддаліся выкананню свайго абавязку з такой заўзятасцю, што маёр Бегсток

70