Пасля такой дэкларацыі чулася сапенне, і сіні твар маёра рабіўся пурпуравым, а вочы сударгава расшыраліся і выпучваліся.
Яму ў галаву не прыходзіла, што хто-небудзь можа яго не заўважаць або ім пагарджаць; ва ўсякім выпадку ён і не думаў аб тым, што яго не заўважае і ім пагарджае міс Токс.
І аднак, як высветлілася, міс Токс забылася пра яго, забылася паступова. Яна пачала забывацца пра яго неўзабаве пасля таго, як выявіла сям’ю Тудляў. Штосьці або хтосьці заняў яго месца і зрабіўся для яе новай крыніцай цікавасці.
— Добрай раніцы, пані, — сказаў маёр, сустрэўшы міс Токс на пляцы Прынцэсы праз некалькі тыдняў пасля перамен, адзначаных у апошнім раздзеле.
— Добрай раніцы, сэр, — сказала міс Токс вельмі холадна.
— Джо Бегсток, міс, — заўважыў маёр са звычайнай сваёй галантнасцю, — даўно не меў шчасця вітаць вас ля вашага акна. З Джо абыходзіліся жорстка, міс. Яго сонца схавалася за хмарай. Міс Токс нахіліла галаву, але, дапраўды, вельмі холадна.
— Магчыма, свяціла Джо пакідала горад, міс? — запытаўся маёр.
— Я? Горад? О, не, я не пакідала горада, — сказала міс Токс. — Апошнія дні я была вельмі занята. Амаль увесь мой час прысвечан адным вельмі блізкім сябрам. Баюся, што і цяпер у мяне няма вольнай хвіліны. Да пабачэння, сэр!
У той час, як міс Токс з самым чароўным выглядам і асанкай пакідала пляц Прынцэсы, маёр стаяў і глядзеў ёй услед з такім сінім тварам, якога ў яго ніколі яшчэ не бывала, бурчачы і мармочучы зусім не ветлівыя заўвагі.
— Ах, чорт пабяры, сэр, — сказаў маёр, — поўгода таму назад гэта жанчына абажала тую зямлю, па якой ступаў Джош Бегсток. Што-ж гэта азначае?
Падумаўшы, маёр вырашыў, што гэта азначае пастку для мужчыны; што гэта азначае інтрыгу і сіло, што міс Токс расстаўляе пасткі. «Але Джо вы не зловіце, міс, — сказаў маёр. — Ён непахісны, міс, ён непахісны — гэты Джо Б. Непахісны і д’ябальскі хітры!» І зрабіўшы такую заўвагу, ён ухмыляўся аж да вечара.
Аднак, калі прайшоў гэты дзень і яшчэ шмат дзён, выявілася, што міс Токс зусім не звяртае ніякай увагі на маёра і зусім аб ім не думае. Калісьці яна мела звычай выпадкова паглядаць у адно са сваіх маленькіх цёмных акенцаў і, чырванеючы, адказваць на прывітанне маёра; але цяпер яна пазбавіла маёра гэтага шчасця і зусім не клапацілася аб тым, ці паглядае ён цёраз дарогу ці не. Адбыліся таксама і іншыя змены. Маёр, стоячы ў прыцемку свайго ўласнага жылля, мог заўважыць, што за апошні час дом міс Токс набыў больш прыгожы выгляд, што новая клетка з пазалочаным дротам была набыта для маленькай старой канарэйкі; што некалькі раслін нечакана выраслі ў вокнах; што міс Токс часамі практыкавалася на клавікордах, увенчаных капенга-