пад халодным, пагардлівым поглядам велічных будынкаў. Гэтае адзінотнае месца, дзе паміж каменнямі бруку расла трава, называлася пляцам Прынцэсы.
У другім прыватным доме на пляцы Прынцэсы здавалася кватэра з мэбляй нейкаму халастому джэнтльмену, а іменна маёру з адзеравянелым сінім тварам і вачыма, якія выскаквалі з арбіт, у чым міс Токс, як яна сама гаварыла, бачыла «нешта сапраўды ваяўнічае», і паміж ім і ёю абмен газетамі і брашурамі і да таго падобныя платанічныя адносіны падтрымліваліся з дапамогай чорнаскурага слугі маёра, якога міс Токс палічыла «тубыльцам», задавальняючыся гэтай назвай і не звязваючы з ёй ніякіх геаграфічных уяўленняў.
Магчыма, ніколі яшчэ не было пярэдняй і лесвіцы меншых памераў, чым пярэдняя і лесвіца ў доме міс Токс. Магчыма, увесь ён, зверху данізу, быў самым няўтульным домікам у Англіі і самым уродлівым; але затое, як гаварыла міс Токс, якое месцазнаходжанне! Там было вельмі мала дзённага святла зімой; сонца ніколі не заглядала нават у лепшую пару года; аб паветры не магло быць і гутаркі, таксама як аб вулічным руху. І ўсё-такі міс Токс гаварыла: «Падумайце аб месцазнаходжанні!» Тое-ж самае гаварыў сінятвары маёр з вачыма, што выпучваліся з арбіт, які ганарыўся пляцам Прынцэсы і пры кожным зручным выпадку з захапленнем пачынаў гутарку ў сваім клубе аб прадметах, маючых адносіны да важных асоб на вялікай вуліцы за рогам, каб мець прыемнасць заявіць, што гэта яго суседзі.
Несамавітая кватэра, дзе жыла міс Токс, была яе ўласнасцю, будучы ёй завешчана і атрымана па спадчыне ад нябожчыка ўладальніка мутнага вока ў медальёне, чый мініятурны партрэт з напудранай галавой і касічкай служыў процівагай падстаўцы для чайніка на другім канцы каміннай паліцы ў гасцінай.
Хоць маёр Бегсток дасягнуў таго, што ў мастацкай літаратуры называецца вялікім росквітам жыццёвых сіл, і рабіў сваё падарожжа пад гару, тым не менш ён надзвычай ганарыўся тым, што абудзіў цікавасць да сябе ў міс Токс, і цешыў сваю фанабэрыстасць, уяўляючы, быццам гэта выдатная жанчына няроўнадушна да яго. На гэта ён шмат разоў намякаў у клубе ў сувязі з маленькімі жартачкамі, вечным героем якіх быў стары Джо Бегсток, стары Джой Бегсток, стары Дж. Бегсток, стары Джош Бегсток, стары Джо Б. і так далей, бо аплотам і цвярдыняй юмару маёра было самае фамільярнае абыходжанне[1] з яго-ж уласным імем.
— Джой Б., сэр, — казаў часамі маёр, памахваючы кіем, — варты дзюжыны вас. Каб сярод вас было яшчэ некалькі чалавек з пароды Бегстокаў, сэр, вам ад гэтага не стала-б горш. Старому Джо, сэр, нават цяпер няма патрэбы далёка хадзіць па жонку, ён пачаў яе шукаць; але ў яго жорсткае сэрца, сэр, у гэтага Джо, ён непахісны, сэр, непахісны і д’ябальска хітры!
- ↑ Фамільярнае абыходжанне — абыходжанне запраста, па-сяброўску.