лавечай натуры і прыняла Фларэнс некалькі інакш, як на гэта мог-бы прэтэндаваць толькі сапраўдны Домбі. Міс Токс падзяляла свае пачуцці, прыстасоўваючыся да ўзораў, якія былі перад ёй. Адна толькі Рычардс, вінаватая Рычардс, выказала пачуцці душы, сустрэўшы яе няскладнымі словамі прывітання і схіліўшыся над заблудзіўшайся дзяўчынкай са шчырай любоўю.
— Ах, Рычардс! — уздыхнула місіс Чык. Было-б больш прыемна для тых, хто хацеў-бы не думаць дрэнна аб сваіх бліжніх, і больш прыстойна для вас, калі-б вы своечасова выявілі адпаведнае пачуццё да дзіцяці, якое будзе цяпер дачасна пазбаўлена прыроднага харчавання.
— Луіза! — сказаў містэр Домбі. — Няма патрэбы прадаўжаць гэтыя заўвагі. Жанчына зволена, і ёй заплачана. Вы пакідаеце гэты дом, Рычардс, таму што ўзялі з сабою майго сына, майго сына, — сказаў містэр Домбі, унушальна паўтарыўшы гэтыя два словы, — у трушчобы і ў грамаду, аб якіх нельга падумаць, каб не ўздрыгнуцца. Мне здаецца, Луіза, што другая нянька, гэта маладая асоба, — тут міс Ніпер моцна ўсхліпнула, — будучы значна маладзейшай і знаходзячыся, бясспрэчна, пад уплывам карміліцы Поля, можа астацца. Будзьце ласкавы загадаць, каб заплацілі фурману, які адвязе гэту жанчыну ў... — містэр Домбі запнуўся і зморшчыўся... — у Сады Стэгса.
Полі накіравалася да дзвярэй, а Фларэнс чаплялася за яе вопратку і вельмі чулліва ўпрашвала яе не ісці. Кінжалам у сэрца і стралой у мозг уразіла ганарыстага бацьку гэта відовішча: яго плоць і кроў, ад якой ён не мог адрачыся, горнецца да гэтай невуцкай чужой жанчыны, калі ён сядзіць тут. Па сутнасці, яго не цікавіла, да каго звяртаецца і ад каго адварачваецца яго, дачка. Востры пакутлівы боль пранізаў яго, калі ён падумаў аб тым, як зрабіў-бы яго сын.
Ва ўсякім выпадку сын яго моцна плакаў у гэту ноч. Праўду кажучы, у беднага Поля была больш грунтоўная прычына для слёз, чым у большасці сыноў гэтага ўзросту, бо ён пазбавіўся сваёй другой маткі з прычыны катастрофы, такой-жа раптоўнай, як тая страта, якая засмуціла пачатак яго жыцця.
РАЗДЗЕЛ VII
Позірк з птушынага палёту на месца пражывання міс Токс, а таксама на сардэчную прывязанасць міс Токс.
Міс Токс жыла ў маленькім цёмным доме, які ў нейкі далёкі перыяд англійскай гісторыі праціснуўся ў фешэнебельны[1] раён на заходнім канцы горада, дзе і знаходзіўся, падобна беднаму сваяку, у цені вялікай вуліцы, якая пачыналася за рогам,
- ↑ Фешэнебельны — які адпавядаў густам "свецкага" грамадства, г. зн. багатага дваранства і буйнай буржуазіі.