Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Вы — хлопчык, — сказаў містэр Домбі рэзка і ледзь не са злосцю, — і тое, што вы думаеце або ўяўляеце, быццам думаеце, мала мае значэння. Вы зрабілі добра, сэр. Не псуйце таго, што зрабілі. Калі ласка, Луіза, налейце хлопчыку віна.

Позірк містэра Домбі з відавочным неадабрэннем праводзіў Уолтэра Гэя, калі той выходзіў з пакоя пад наглядам місіс Чык, і з такім-жа нездавальненнем духоўны яго позірк ішоў следам за ім, калі ён разам з міс С’юзен Ніпер ехаў назад да свайго дзядзькі.

Там яны пераканаліся, што Фларэнс, асвяжыўшыся пасля сну, паабедала і вельмі пасябравала з Саламонам Джылсам, да якога ставілася з поўным давер’ем і сімпатыяй. Чорнавокая (якая столькі плакала, што цяпер яе можна было назваць чырвонавокай, і якая была вельмі маўклівая і засмучоная) схапіла яе ў абдымкі, не сказаўшы ніводнага сярдзітага або дакорлівага слова, і садзейнічала таму, што спатканне вышла вельмі істэрычным. Пасля, ператварыўшы гасціную спецыяльна для гэтага выпадку ў туалетную, яна пераапранула Фларэнс вельмі клапатліва ў належную ёй сукенку і, нарэшце, павяла яе ў выглядзе, вартым Домбі (наколькі гэта дазваляла прыроджаная ёй недасканаласць).

— Бывайце! — сказала Фларэнс, падбягаючы да Саламона. — Вы былі вельмі добрымі да мяне.

Стары Соль узрушыўся і пацалаваў яе, нібы даводзіўся ёй дзедам.

— Бывайце, Уолтэр! — сказала Фларэнс.

— Да пабачэння! — сказаў Уолтэр, працягваючы абедзве рукі.

— Я вас ніколі не забуду, — прадаўжала Фларэнс. — Дапраўды-ж, ніколі не забуду. Да пабачэння, Уолтэр!

З наіўнай удзячнасцю дзяўчынка падставіла яму тварык. Уолтэр схіліўся да яе, пасля зноў падняў галаву, чырвоны і сарамлівы, і ў вялікім замяшанні паглядзеў на дзядзьку, Соля.

«Дзе Уолтэр?» «Бывайце, Уолтэр!» «Да пабачэння, Уолтэр!» «Дайце мне яшчэ раз руку, Уолтэр!» — усклікала Фларэнс, пасля таго калі яе пасадзілі ўжо ў карэту разам з яе маленькай нянькай. І калі карэта, нарэшце, рушыла, Уолтэр стаяў ля парога, весела адказваў Фларэнс, якая размахвала насавой хустачкай. Драўляны Мічман за яго спіной, здавалася, як і ён сам, сачыў за адной толькі гэтай карэтай, не звяртаючы ўвагі на ўсе іншыя, якія праязджалі міма.

У вызначаны час карэта зноў была ля дома містэра Домбі, і зноў у бібліятэцы чуліся гучныя галасы. Зноў было загадана, каб карэта чакала, — «для місіс Рычардс», злавесна шапнуў нехта са слуг С’юзен, калі тая праходзіла з Фларэнс.

З’яўленне згубленага дзіцяці выклікала хваляванне, між іншым, нязначнае. Містэр Домбі пацалаваў яе ў лоб і перасцярог, каб яна ў далейшым не ўцякала і не блукала недзе з вераломнымі спадарожнікамі. Місіс Чык абарвала свае скаргі на заганнасць ча-

66