Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

павінна пайсці налева, місіс Браун рванула яе на развітанне за валасы, сказала, што цяпер тая ведае, як зрабіць, і загадала ісці і памятаць, што за ёю сочаць.

З палёгкай на сэрцы, але ўсё яшчэ вельмі перапалоханая, Фларэнс адчувала, што яе вызвалілі, і пабегла на рог. Дайшоўшы да яго, яна аглянулася і ўбачыла галаву Добрай місіс Браун, што высоўвалася з-пад нізкага драўлянага прыкрыцця, дзе яна давала апошнія ўказанні, а таксама кулак, якім пагражала ёй Добрая місіс Браун.

Фларэнс стаяла на рагу, глядзела на вулічную мітусню і яе апаноўвала яшчэ большае замяшанне; між тым гадзіннік як быццам рашыў ніколі не біць тры. Нарэшце, на званіцы прабіла тры гадзіны; гэта было зусім блізка, значыць памыліцца яна не магла; яна некалькі разоў азірнулася цераз плячо, некалькі разоў памыкалася ісці і столькі-ж разоў варочалася назад, баючыся разгневаць усемагутных шпіёнаў місіс Браун і, нарэшце, рынулася ўперад з паспешнасцю, з якою толькі можна было бегчы ў стаптаных чаравіках, не выпускаючы з рук шкуркі труса.

Аб канторах свайго бацькі яна ведала што яны належаць Домбі і Сыну і што гэта вялікая сіла ў Сіці. Таму яна магла пытацца толькі аб тым, як прайсці да Домбі і Сына ў Сіці; а з тае прычыны, што яна пыталася пераважна ў дзяцей, баючыся звяртацца да дарослых, то і карысці мела вельмі мала. Але праз некаторы час яна пачала пытаць дарогу ў Сіці, прапускаючы пакуль другую палову пытання, і тады сапраўды пачала паступова набліжацца да сэрца гэтай вялікай краіны, якой кіраваў грозны лорд-мэр.

Стаміўшыся ад хадзьбы, натыкаючыся на людзей, спатыкаючыся, аглушаная шумам і сумятнёю, непакоячыся аб брату і няньках, у жаху ад перажытага ёю і ад перспектывы з’явіцца ў такім выглядзе перад разгневаным бацькам, ашаломленая і перапалоханая тым, што адбылося, што зараз адбывалася і што яшчэ ёй мелася быць, Фларэнс ішла стомленая, са слязмі на вачах і разы два мімаволі спынялася, каб зрабіць палёгку змучанаму горкімі ўзрыдамі сэрцу.

Добрых дзве гадзіны прайшло з таго часу, як пачалася гэта дзіўная прыгода, калі, унікшы ад шуму і грукату вузкай вуліцы, застаўленай калёсамі і фурманкамі, яна вышла да якойсьці верфі або прыстані на беразе ракі, дзе ўбачыла вялікае мноства цюкоў, бочак і скрынак, вялікія драўляныя вясы і маленькі драўляны домік на колах перад якім, пазіраючы на бліжэйшыя мачты і лодкі, стаяў, пасвістваючы, дародны чалавек, заткнуўшы за вуха пяро і засунуўшы рукі ў кішэні, нібы працоўны яго дзень ужо надыходзіў да канца.

— Ну, што там яшчэ? — сказаў гэты чалавек, выпадкова азірнуўшыся. Нічога у нас няма для вас, дзяўчынка. Ідзіце!

60