Спяшаючыся надзець капялюшык, — калі толькі можна назваць капялюшыкам тое, што хутчэй нагадвала падушку, якую падкладаюць пры пераносе цяжараў, — яна зачапіла ёю за свае густыя валасы і не адразу магла адчапіць яе. Добрая місіс Браун схапіла вялікія нажніцы і яе апанавала страснае ўзбуджэнне.
— Чаму вы не пакінулі мяне ў спакоі, — сказала місіс Браун, — калі я была задаволена? Ах, вы, блазнючка!
— Даруйце. Не ведаю, чым я вінавата, — задыхаючыся, прагаварыла Фларэнс. — Я нічога не магла зрабіць.
— Нічога не магла зрабіць! — крыкнула місіс Браун. — А як па-вашаму, што я магу зрабіць? Ах, божа мой, — прадаўжала старая, з нейкай злоснай асалодай кудлацячы яе кудры, — усякі на маім месцы адрэзаў-бы іх перш за ўсё.
Фларэнс адчула такую палёгку, даведаўшыся, што не на галаву, а толькі на валасы робіць замах місіс Браун, што не стала ні супраціўляцца, ні ўпрашаць і толькі падняла свае лагодныя вочы на гэтае добрае стварэнне.
— Каб у мяне не было раней дачкі — цяпер яна за акіянам, — якая ганарылася сваімі валасамі, — сказала місіс Браун, — я адрэзала-б усе да апошняй пасмы. Яна далека, далёка! Охо-хо! Охо-хо!
Завыванне місіс Браун не было меладычным, але, суправаджаемае шалёнай жэстыкуляцыяй, яно вяшчала аб вялікім горы і вымусіла затрапятаць сэрца Фларэнс, якая спалохалася яшчэ больш. Магчыма, яно садзейнічала выратаванню яе валасоў, бо місіс Браун, пакружыўшыся каля яе з нажніцамі, нібы новая рознавіднасць матыля, загадала схаваць іх пад капелюш, каб ніводная пасма не выбівалася ёй на спакусу. Перамогшы сябе, місіс Браун зноў уселася на косці і закурыла кароценькую чорную люльку, увесь час варушачы губамі і прычмокваючы, як быццам яна жавала мундштук.
Выкурыўшы люльку, яна прымусіла дзяўчынку несці трусіную шкурку і сказала, што павядзе яе цяпер на людную вуліцу, дзе яна можа даведацца, як ісці да сваіх. Але яна загадала ёй, прыгразіўшы ў выпадку непаслушэнства хуткай і жорсткай расправай, не размаўляць з прахожымі і ісці не да сябе дадому (бо дом, магчыма, знаходзіцца вельмі блізка з пункту гледжання місіс Браун), а ў кантору да бацькі ў Сіці, а таксама пачакаць на рагу, дзе яна яе пакіне, пакуль не праб’е тры гадзіны. Гэтыя навучанні місіс Браун падмацавала заявай, што ёсць у яе на службе ўсемагутныя вочы і вушы, якім вядомы ўсе паступкі дзяўчынкі, і гэтых навучанняў Фларэнс урачыста і сур’ёзна абяцала слухацца.
Нарэшце, місіс Браун, рушыўшы ў дарогу, пацягнула сваю змяніўшуюся, апранутую ў лахманы маленькую прыяцельку, лабірынтам вузкіх вуліц, завулкаў і завулачкаў, якія прывялі, нарэшце, да рамізніцкага двара, што канчаўся варотамі, з-за якіх чуўся шум вялікай гарадской вуліцы. Паказаўшы на гэтыя вароты і сказаўшы Фларэнс, што, калі праб’е тры гадзіны, яна