Старонка:Домбі і сын.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дзе яны? — паўтарыла нейкая старая, якая прычыкiльгала з ўсёй паспешнасцю, на якую была здольна, з процілеглага боку вуліцы. — Чаму вы ад іх уцяклі?

— Я спалохалася, — адказала Фларэнс. — Я не ведала, што раблю. Я думала, што яны са мною. Дзе яны?

Старая ўзяла яе за руку і сказала:

— Я вас правяду.

Гэта была вельмi брыдкая старая з чырвонымi абадкамi вакол вачэй і ротам, які чвякаў і шамкаў нават калі яна маўчала. Яна была вельмi бедна апранута і несла нейкія скуркi, што вiселі ў яе на руцэ. Напэўна, яна ішла ўслед за Фларэнс, ва ўсякім выпадку на працягу некаторага часу, бо паспела засапціся; i калі яна спынілася, каб перадыхнуць, яна стала яшчэ больш брыдкаю, бо па яе жоўтым маршчыстым твары i шыі прабягалі сударагі.

Фларэнс баялася яе i, нерашуча азіраючыся, паглядала ўдоўж вуліцы, якую прабегла амаль да канца. Гэта было глухое месца — скарэй задворкі, чым вулiца, — і нікога тут не было, апрача яе і старой.

— Цяпер вам няма чаго баяцца, — сказала старая, усё яшчэ не выпускаючы яе рукі. — Ідзіце са мною.

— Я… я вас не ведаю. Як вас завуць? — запыталася Фларэнс.

— Місіс Браун, — сказала старая. — Добрая місіс Браун.

— Яны блізка адсюль? — запыталася Фларэнс, даючы сябе пацягнуць.

— Сʼюзен тут, недалёка, — сказала Добрая місіс Браун, — а другія недалёка ад яе.

— Нікога не пабiлi? — ускрыкнула Фларэнс.

— Не, — сказала Добрая місіс Браун.

Пачуўшы гэта, дзяўчынка заплакала ад радасці i ахвотна пайшла са старой, хоць, пакуль яны ішлі, яна мімаволі паглядала на яе твар, у асаблівасці на гэты нястомны рот, і разважала аб тым, цi падобна да яе Злая місіс Браун, калі толькі існуе такая асоба на свеце.

Ішлі яны нядоўга, але вельмі непрывабнай дарогай міма печаў для абпальвання цэглы і чарапіцы, а пасля старая павярнула ў гразкі завулак, прарэзаны глыбокiмi чорнымі каляінамі. Яна спынілася каля несамавітага домiка, замкнутага так моцна, як толькi можа быць замкнуты дом увесь у расколінах і шчылiнах. Яна адамкнула дзверы ключом, якi выняла з-пад капелюша, і ўпіхнула дзяўчынку ў задні пакой, дзе на падлозе ляжала вялікая куча ануч розных колераў, куча касцей і куча прасеенага попелу і смецця; мэблі тут не было, а сцены і столь былi зусiм чорныя.

Дзяўчынка напалохалася так, што не магла прамовіць ні слова і, здавалася, траціла прытомнасць.