прывязчывасць да дачкі майго сябра Домбі, — і тады я зразумеў, што, калі мне ўдасца наладзіць спатканне, нечаканае для абодвух бакоў, яно можа павесці да добрадзейных вынікаў.
Пасля гэтага ногі стрыечнага брата Фінікса згадзіліся яго вывесці. Пакінуўшы Эдзіт адну з Фларэнс, ён прычыніў за сабою дзверы.
Эдзіт, якая сядзела каля Фларэнс, некалькі хвілін маўчала. Пасля яна выняла з-за карсажа невялікі пакет.
— Я доўга змагалася сама з сабою, — ціха сказала яна, — ці патрэбна гэта запісаць на выпадак раптоўнай смерці або якой-небудзь катастрофы, але я адчувала ў гэтым патрэбу. З таго часу я думала аб тым, калі і як знішчыць гэту паперу. Вазьміце яе, Фларэнс. Тут напісана чыстая праўда.
— Перадаць тату? — запыталася Фларэнс.
— Каму хочаце, — адказала Эдзіт. — Яна дадзена вам і атрымана вамі. Ён ніколі не мог-бы атрымаць яе з іншых рук.
І зноў яны сядзелі моўчкі ў гусцеючым змроку.
— Мама, — сказала Фларэнс, — ён страціў усю сваю маёмасць. Ён быў пры смерці. Небяспека і цяпер яшчэ не прайшла. Ці магу я перадаць яму што-колечы ад вас?
— Вы мне сказалі, што цяпер вы яму надта дорагі? — запыталася Эдзіт.
— Так! — дрыготкім голасам адказала Фларэнс.
— Скажыце яму — я шкадую аб тым, што нам выпала сустрэцца.
— Больш нічога? — запыталася Фларэнс пасля нядоўгага маўчання.
— Калі ён запытаецца, скажыце яму: я не раскайваюся ў тым, што зрабіла… яшчэ не раскайваюся… бо калі-б заўтра давялося зноў гэта зрабіць, я гэта зрабіла-б зноў. Але калі ён зрабіўся іншым чалавекам…
Яна запнулася. Фларэнс моўчкі дакранулася да яе рукі, і ў гэтым дотыку было нешта, што прымусіла яе запнуцца.
— … але з прычыны таго, што ён зрабіўся іншым чалавекам, ён ведае, што цяпер гэта ніколі-б не магло здарыцца. Скажыце яму — я хацела-б, каб гэтага ніколі не было.
— Вы жадаеце яму дабра і хацелі-б бачыць яго шчаслівым! Я ў гэтым упэўнена! — усклікнула Фларэнс. — О, дазвольце мне калі-небудзь, калі выпадзе зручны момант, перадаць яму гэта!
Цёмныя вочы Эдзіт пільна глядзелі ў прастору, і яна нічога не адказала, пакуль Фларэнс не паўтарыла сваёй просьбы; тады Эдзіт прасунула яе руку пад сваю і сказала, не спускаючы задуменнага позірку з акна, за якім згушчалася цемра:
— Скажыце яму, што, калі цяпер у яго будуць падставы ўспамінаць аба мне з меншай горыччу, я прашу яго аб гэтым. Чым больш ён будзе любіць сваю Фларэнс, тым менш ён будзе ненавідзець мяне. Чым больш ён будзе гордым і шчаслівым пазі-