Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/595

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

надта дораг. Але мне ніколі не забыцца, якой вы былі добрай да мяне! — усклікнула Фларэнс, кідаючыся ў яе абдымкі.

Эдзіт, нібы зламаная гэтымі абдымкамі, упала на калені і абвіла рукамі яе шыю.

— Фларэнс! — ускрыкнула яна. — Перш чым мною зноў заўладае шаленства, перш чым вернецца мая ўпартасць і ўразіць мяне нематою, верце мне — я не вінавата.

— Мама!

— Вінавата шмат у чым! Вінавата ў сляпой і страснай нянавісці! У гэтым нават цяпер я не раскайваюся, не магу і не хачу раскайвацца! Але я не саграшыла з тым — памёршым!

Усё яшчэ не падымаючыся з кален, яна падняла абедзве рукі і дала клятву ў гэтым.

— Нішто на свеце, усклікнула яна, — не магло вырваць у мяне прызнанне ў тым, што я не вінавата! Ні любоў, ні нянавісць, ні пагрозы! Я сказала, што хутчэй памру, але не скажу ні слова. Я магла гэта зрабіць, і я гэта зрабіла-б, калі-б мы з вамі не сустрэліся, Фларэнс!

— Спадзяюся, — пачуўся голас стрыечнага брата Фінікса, які з'явіўся ў дзвярах і пачаў таптацца на парозе, — спадзяюся, мая цудоўная і бездакорная сваячка прабачыць мне, што я, ужыўшы маленькую хітрасць, наладзіў гэтае спатканне. Не буду сцвярджаць, што нібы раней мне не прыходзіла ў галаву, што мая цудоўная і бездакорная сваячка мела няшчасце зганьбіць сябе сувяззю з гэтым чалавекам з белымі зубамі, цяпер нябожчыкам. Але я не мог прызнаць вінаватасці маёй цудоўнай і бездакорнай сваячкі, пакуль злачынства яе не будзе канчаткова даказана. Калі-ж гэтага чалавека, цяпер нябожчыка, пасягнула надта жахлівая смерць, я зразумеў, што яе становішча павінна быць вельмі цяжкім, і ўзяў на сябе смеласць знайсці яе ў Францыі і прапанаваць дапамогу, паколькі можа дапамагчы чалавек, які не мае амаль ніякіх сродкаў. Таму мая цудоўная і бездакорная сваячка зрабіла мне гонар, заявіўшы, што, на яе думку, я — чартоўскі слаўны хлапец і таму яна прымае маё падтрыманне.

Эдзіт, пасадзіўшы Фларэнс на канапу, махнула рукою, нібы прасіла яго нічога больш не гаварыць.

— Мая цудоўная і бездакорная сваячка, — прадаўжаў стрыечны брат Фінікс, — прабачыць мне, калі дзеля яе шчасця, і дзеля сябе самога, і дзеля майго сябра Домбі, чыя цудоўная і бездакорная дачка прыводзіць нас у такое захапленне, я дагавару да канца. Няхай яна прыпомніць, што з самага пачатку мы з ёй ніколі не ўспаміналі пра яе ўцёкі. Мая думка заўсёды была такая, што тут ёсць нейкая таямніца, якую яна, пры жаданні, магла-б асвятліць. Але з прычыны таго, што мая цудоўная і бездакорная сваячка — жанчына вельмі рашучая, я ведаў, што з ёй, уласна кажучы, жарты дрэнныя, а таму і ўнікаў розных спрэчак. Аднак, не так даўно я знайшоў уразлівае месца — пяшчотную

591