Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/594

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я гэта ведаю, Уолтэр, калі вы тут, так блізка ад мяне. Я ў гэтым упэўнена, але…

Дзверы ціха адчыніліся, хоць ніхто не стукаў, і Фларэнс з стрыечным братам Фініксам, якая толькі што ўдыхала летняе вячэрняе паветра, увайшла ў душчы нудны дом. Больш пануры і хмурны, чым калі-б там ні было, ён, здавалася, стаяў замкнутым з дня вяселля і з таго часу збіраў у сваіх сценах смутак і змрок.

Фларэнс з трывогай паднялася па цёмнай лесвіцы і спынілася разам са сваім правадніком ля дзвярэй у гасціную. Моўчкі ён адчыніў дзверы і жэстам папрасіў яе прайсці ў наступны пакой, у той час як сам ён хацеў астацца тут. Пасля хвіліннай нерашучасці Фларэнс зайшла.

За сталом ля акна сядзела лэдзі, якая, здавалася, штосьці пісала або малявала; павярнуўшыся тварам да патухаючага дзённага святла, яна падтрымлівала галаву рукой. Фларэнс, нерашуча ступіўшы некалькі крокаў, раптам застыла на месцы, нібы страціўшы здольнасць хадзіць. Лэдзі азірнулася.

— Божа мой! — закрычала яна. — Што-ж гэта азначае?

— Не, не! — усклікнула Фларэнс, адхіснуўшыся, калі тая ўстала, і выцягнуўшы перад сабою рукі, каб адхіліць яе. — Мама!

Яны стаялі і пазіралі адна на адну. Твары абоіх выказвалі здзіўленне і страх; абедзве, такія нерухомыя і маўклівыя, пазіралі адна на адну, раздзеленыя чорным бяздоннем незабыўнага мінулага.

Фларэнс першая парушыла маўчанне. Расплакаўшыся, яна ўсклікнула, узрушаная да глыбіні душы:

— О, мама, мама! — Навошта нам давялося сустрэцца вось так? Навошта вы былі такой добрай да мяне, калі больш нікога ў мяне не было, калі нам мелася быць вось такая сустрэча?

Эдзіт стаяла перад ёй маўклівая і нерухомая. Яна не спускала з яе вачэй.

— Я не адважваюся аб гэтым думаць, — сказала Фларэнс. — Я толькі што была з татам. Ён хворы. Цяпер мы ніколі не расстаёмся; больш мы ніколі не расстанемся. Калі вы хочаце, каб я папрасіла яго дараваць вам, я гэта зраблю, мама. Я амаль упэўнена, што цяпер ён даруе, калі я яго папрашу.

Тая не адказала ні слова.

— Уолтэр. — Я вышла за яго замуж, і ў нас нарадзіўся сын, — нясмела прадаўжала Фларэнс, — Уолтэр тут, ля пад'езда, ён прывёз мяне сюды. Я скажу яму, што вы раскайваецеся, што вы сталі іншай, — Фларэнс са смуткам паглядзела на яе. — Я ведаю, ён разам са мною будзе прасіць тату. Што-ж яшчэ я магу зрабіць? Я адхіснулася ад вас, мама, — ціхамірна сказала Фларэнс, падыходзячы бліжэй, — я адхіснулася не з-за баязні, і я не лічу, што вы можаце мяне запляміць. Я хачу толькі выканаць свой абавязак у адносінах да таты. Я яму надта дорага, і ён мне

590