— Калі-б мне дазволена было прасіць, каб вы не патрабавалі адказу на гэта пытанне, — сказаў стрыечны брат Фінікс, — я ўзяў-бы на сябе смеласць звярнуцца да вас з такой просьбай.
— А вы ведаеце, Уолтэр? — запыталася Фларэнс.
— Так.
— І лічыце, што я павінна ехаць?
— Так. Я ўпэўнен, што такая была-б і ваша думка. Хоць па некаторых прычынах, мне добра зразумелых, бадай, лепш цяпер нічога больш не гаварыць.
— Калі тата яшчэ спіць або калі ён прачнуўся, але можа абыйсціся без мяне, я зараз-жа паеду, — сказала Фларэнс.
Спакойна падняўшыся і кінуўшы на іх злёгку ўстрывожаны, але даверлівы позірк, яна вышла з пакоя.
Калі яна вярнулася, каб ехаць з імі, яны размаўлялі аб нечым ля акна, і Фларэнс магла толькі дзівіцца, што іменна штурхнула іх так блізка пазнаёміцца за такі кароткі тэрмін.
— Я пакіну майму сябру Домбі сваю візітную картку, — сказаў стрыечны брат Фінікс, — ад усёй душы спадзяючыся, што з кожнай гадзінай да яго будуць варочацца здароўе і сілы. І спадзяюся, мой сябра Домбі зробіць мне гонар лічыць мяне чалавекам, які, уласна кажучы, надзвычай зачароўваецца той рэпутацыяй, якой ён карыстаецца як брытанскі купец і надзвычай прыстойны чалавек. Маё памесце прышло ў поўны заняпад, але калі майму сябру Домбі патрэбна будзе перамяніць клімат і ён захоча пасяліцца там, ён убачыць, што гэта ў вышэйшай ступені здаровая мясцовасць, — ды інакш і быць не можа, бо сум там нясцерпны.
Кажучы гэта, стрыечны брат Фінікс відавочна нерваваўся і трывожыўся. Пасля, прапанаваўшы руку Фларэнс і як было сілы стрымліваючы ў паслухмянасці свае непакорныя ногі, якія, здавалася, цвёрда вырашылі ісці ў сад, ён павёў яе да дзвярэй і пасадзіў у карэту, якая чакала ля пад'езда.
Затым у карэту сеў Уолтэр, і яны адразу-ж рушылі ў дарогу.
Праехалі яны міль шэсць або восем. Калі карэта спынілася, нарэшце, на Брук-стрыт, перад тым самым домам, дзе было адсвяткавана злашчаснае вяселле містэра Домбі, Фларэнс запыталася:
— Уолтэр, што-ж гэта азначае? Каго я тут убачу?
Калі Уолтэр супакоіў яе, але нічога не адказаў, яна зірнула на фасад дома і ўбачыла, што ўсе вокны зачынены, як быццам у доме ніхто не жыў. Стрыечны брат Фінікс ужо вышаў з карэты і прапанаваў ёй руку.
— Хіба вы не пойдзеце са мною, Уолтэр?
— Не, я астануся тут. Не дрыжыце так, дарагая Фларэнс! Вам няма чаго баяцца.