Містэр Таулінсон гэтага не думае і заўважае, што можна знайсці прытулак у адной з лепшых багадзелень для благародных. «Ах, там, ведаеце, у яго будзе свой уласны садзік, — жаласна гаворыць кухарка, — і вясной ён можа вырошчваць салодкі гарошак».
Праз некалькі дзён пачынаюць з'яўляцца нейкія чужыя людзі і прызначаць адзін аднаму спатканні ў сталовай, нібы яны жывуць у гэтым доме. Нарэшце, пашыраюцца чуткі, быццам неўзабаве прызначаюць аукцыён; з'яўляюцца яшчэ нейкія людзі, з пяром і чарнільніцай у кішэні, якія камандуюць атрадам рабочых, што зараз-жа бяруцца здымаць каўры, перастаўляюць мэблю і пакідаюць у вестыбюлі і на лесвіцы безлічныя сляды чаравікаў.
Кампанія ў падвальным паверсе засядае ў поўным складзе і наладжвае сапраўдныя піры, бо рабіць ім няма чаго. Нарэшце, усіх слуг клічуць у пакой місіс Піпчын, і цудоўная перуанка звяртаецца да іх з такімі словамі:
— Ваш гаспадар знаходзіцца ў цяжкім становішчы, — рэзка кажа місіс Піпчын. — Думаю, вам гэта вядома?
Містэр Таулінсон, выступаючы ад імя ўсіх, прызнаецца, што гэта акалічнасць ім вядома.
— І я не сумняваюся, што вы падшукалі ўжо сабе месцейка, — кажа місіс Піпчын, ківаючы галавой.
Прарэзлівы голас ускрыквае ў заднім радзе:
— Не больш, чым вы!
— Вы так думаеце, бессаромніца? — кажа разгневаная Піпчын, паглядаючы вогнечым позіркам праз галовы ў пярэдніх радах.
— Так, місіс Піпчын, я так думаю, — адказвае кухарка. — Ну, а далей што?
— А далей тое, што вы можаце выбірацца, калі хочаце, — кажа місіс Піпчын. — Чым хутчэй, тым лепш! І я спадзяюся, што больш ніколі не ўбачу вашай фізіяноміі.
Сказаўшы гэта мужная Піпчын дастае палатняны мяшок, адлічвае яе пэнсію па сёнешні дзень, а таксама за месяц наперад і моцна сціскае ў руцэ грошы, пакуль распіска ў атрыманні не напісана згодна ўсіх правіл, пасля чаго неахвотна разнімае руку. Гэту аперацыю місіс Піпчын прарабляе з кожнай слугой, пакуль не расплачваецца з усімі.
— А цяпер, хто хоча пайсці, няхай ідзе, — кажа місіс Піпчын, — а хто хоча астацца — няхай астаецца яшчэ на тыдзень на ранейшых умовах і выконвае сваю работу. Але гэта дрэнь, кухарка, — кажа, разгарачыўшыся, Піпчын, — няхай ідзе вон зараз-жа!
Кухарка выплывае з пакоя добрадушная і згодлівая, што зараз-жа прыводзіць у надзвычайнае раздражэнне місіс Піпчын, і неўзабаве да яе далучаюцца ўнізе астатнія.