— Колькі прайшло ад таго часу, як я прышла да вас і расказала, што я зрабіла, — запыталася Эліс, — а вас запэўнілі, што ўжо позна пасылаць каго-небудзь услед?
— Прайшло больш года, — сказала Херыет.
— Больш года, — паўтарыла Эліс, задуменна ўглядаючыся ў яе твар. — І многа месяцаў прайшло з таго часу, як вы прывезлі мяне сюды!
Херыет адказала: «Так».
— Прывезлі мяне сюды дзякуючы вашай ціхамірнасці і дабраце! Мяне! — усклікнула Эліс, скурчыўшыся і закрыўшы твар рукой.
Херыет, нахіліўшыся да яе, усцяшала яе і супакойвала. Нарэшце, Эліс, усё яшчэ прыкрываючы твар рукою, папрасіла, каб яна паклікала яе матку.
Херыет клікала яе некалькі разоў, але старая, седзячы ля адчыненага акна, так пільна ўглядалася ў цемру, што нічога не чула. Толькі пасля таго, як Херыет падышла і дакранулася да яе, яна схамянулася і пайшла.
— Матуля, — сказала Эліс, зноў узяўшы за руку сваю госцю і з любоўю пазіраючы на яе ззяючымі вачыма, — раскажыце ёй усё, што вы ведаеце.
— Сёння, любачка?
— Так, матуля, — ціхім, урачыстым голасам праказала Эліс, — сёння!
Старая, у якой як быццам у галаве памутнела ад трывогі, раскаяння або гора, цішком наблізілася да ложка з боку, супроцьлегламу таму, дзе сядзела Херыет, і, апусціўшыся на калені, каб маршчыністы яе твар быў на адным узроўні з коўдрай, і працягнуўшы руку, каб дакрануцца да рукі дачкі, пачала:
— Мая красуня дачка…
— Яна даўным даўно змянілася, матуля! Даўным даўно завяла, — не пазіраючы на яе, сказала Эліс. — Цяпер не варта бедаваць аб гэтым.
— … Мая дачка, — заікаючыся, сказала старая, — мая дачка, якая хутка паправіцца і наробіць сораму ім усім сваёй прыгажосцю…
Эліс сумна ўсміхнулася Херыет, ласкава прыцягнула да сябе яе руку, але не праказала пры гэтым ні слова.
— Якая, кажу я, хутка паправіцца, — паўтарыла старая, патрасаючы зморшчаным кулаком, — і наробіць сораму ім усім сваёй прыгажосцю! Так! Я кажу, што яна гэта зробіць, і так будзе! — Здавалася, яна пачала горача спрачацца з нейкім праціўнікам, што быў ля ложка. — Мая дачка была адрынута і выкінута, але, калі-б яна захацела, яна магла-б пахваліцца сваім сваяцтвам з ганарліўцамі. Так! З ганарліўцамі! Гэта сваяцтва не мае ніякіх адносін да вашых свяшчэннікаў і абручальных пяр-