Ім ёсць што расказаць аб папулярнасці Уолтэра, аб тым, як выгадна ён прыстроіўся на караблі, і аб тым, як выявілася, што ён увесь час паціхеньку працаваў, каб зрабіць сваю каюту «карцінкай», паводле слоў капітана, і здзівіць сваю маленькую жонку.
Стары інструментальны майстар заклапочаны і безуважлівы больш, чым хто-б там ні было, і надта блізка да сэрца прымае вяселле і разлуку. Але вялікае ўцяшэнне яму дае прысутнась старога яго прыяцеля Нэда Катля, і ён з ўдзячным і задаволеным выглядам садзіцца вячэраць.
— Мой хлопчык астаўся жывым і робіць поспехі, — кажа стары Соль Джылс, паціраючы рукі. — Ці маю я права не быць удзячным і шчаслівым?
Капітан, які яшчэ не сеў за стол, мітусіцца, а цяпер падышоў да свайго крэсла, нерашуча паглядае на містэра Джылса і кажа:
— Соль! Там унізе ляжыць апошняя бутэлька старой мадэры. Ці не хочаце прынесці яе адтуль і распіць за здароўе Уольра і яго жонкі?
Інструментальны майстар, задуменна паглядаючы на капітана, апускае руку ў бакавую кішэню сурдута кафейнага колеру, дастае бумажнік і вымае адтуль пісьмо.
— Містэру Домбі, — кажа стары. — Ад Уолтэра. Паслаць праз тры тыдні. Я прачытаю яго.
«Сэр. Я жаніўся на вашай дачцэ. Яна накіравалася са мною ў далёкае плаванне. Быць адданым ёй — азначае не прад'яўляць ніякіх патрабаванняў ні да яе, ні да вас, але богу вядома, што я ёй адданы.
Чаму, кахаючы яе больш за ўсіх на свеце, я тым не менш без усякіх дакораў сумлення звязаў яе жыццё з маім, поўным нягод і небяспек, — аб гэтым я не хачу вам гаварыць. Вы ведаеце — чаму, і вы яе бацька.
Не дакарайце яе. Яна ніколі не дакарала вас.
Я не думаю і не спадзяюся, што вы калі-небудзь мне даруеце. Менш за ўсё я на гэта разлічваю. Але калі прыдзе час, калі для вас уцехай будзе ведаць, што каля Фларэнс ёсць чалавек, які імкнецца ў жыцці да вялікай мэты — сцерці яе ўспамінкі аб ранейшым смутку, тады — заяўляю вам аб гэтым урачыста — гэта ўпэўненасць можа быць вам апорай».
Саламон старанна хавае пісьмо ў бумажнік, а бумажнік хавае ў кішэню сурдута.
— Нэд, сёння мы яшчэ не разап'ем апошнюю бутэльку старой мадэры, — задуменна кажа стары.
— Рана яшчэ, — згаджаецца капітан. — Так. Рана яшчэ.
С'юзен і містэр Тутс далучаюцца да гэтай думкі. Памаўчаўшы, усе садзяцца вячэраць і п'юць іншае віно за здароўе маладых; а апошняя бутэлька старой мадэры, укрытая пылам і павуціннем, астаецца некранутай.