астраумных пярэчанняў супроць другога плана і падтрымала першапачатковы намер такой колькасцю астраўмных довадаў, што як толькі спіна містэра Домбі велічна павярнулася к дому і гэты джентльмен накіраваўся звычайнай сваёй дарогай у Сіці, яго сын, які нічога не ведаў, быў ужо на шляху да Садоў Стэгса.
Гэтая мілагучная мясцовасць была ў прыгарадзе. Сюды накіраваліся абедзве нянькі ў суправаджэнні сваіх выхаванцаў; Рычардс, зразумела, несла Поля, а С’юзен вяла за руку маленькую Фларэнс і час ад часу частавала яе штуршкамі, калі лічыла мэтазгодным скарыстаць іх.
Якраз у гэты час першы з вялікіх падземных штуршкоў страсянуў увесь раëн да самага яго цэнтра. Сляды яго былі відаць усюды. Дамы былі зруйнаваны; вуліцы праламаны і закіданы, выкапаны глыбокія ямы і канавы; зямля і гліна навалены велізарнымі кучамі; будынкі, падкопаныя і расхістаныя, былі падпёрты вялікімі бярвеннямі. Тут вазы, перакуленыя і награмаджаныя адзін на другі, ляжалі ў беспарадку ля падножжа крутога штучнага ўзгорка; там каштоўнае жалеза мокла і іржавела ў нечым, што выпадкова ператварылася ў сажалку. Усюды былі масты, якія нікуды не вялі; праезды, якія зусім нельга было прайсці; часовыя драўляныя пабудовы і платы ў самых нечаканых месцах; шкілеты абадраных кватэр, абломкі незакончаных сцен і арак, груды матэрыялу для рыштавання, наваленая цэгла, гіганцкія пад’ёмныя краны і трыножнікі, якія шырока расставілі ногі над пустэчай.
Карацей кажучы, тут пракладалася яшчэ незакончаная чыгунка і з самых нетраў гэтага страшэннага бязладдзя ціха паўзла ўдалячынь па вялікай сцежцы цывілізацыі і прагрэса.
Але да гэтага часу вакольнае насельніцтва яшчэ не адважвалася прызнаць чыгунку. Двое-трое дзёрзкіх спекулянтаў намецілі вуліцы, і адзін узяўся за будаўніцтва, але прыпыніўся сярод гразі і попелу, каб яшчэ аб гэтым падумаць. Агульнае давер’е прывівалася вельмі туга. Там, дзе пачыналася чыгунка, аставаліся брудныя пустэчы, хлявы, гнойныя і смеццевыя кучы, канавы, сады, альтанкі і пляцоўкі для выбівання дываноў. Маленькія магільныя ўзгорачкі з устрычных ракавін у сезон устрыц або са шкарлупы омараў у сезон омараў, з бітай пасуды і завяўшых капусных лісцяў у любы сезон вырасталі на яе насыпу. Ніхто нічога ад яе не выгадваў і не думаў, што выгадае. Калі-б нікчэмная пустэча, якая была побач з ёю, магла смяяцца, яна высмейвала-б яе з пагардай, як гэта рабілі многія нікчэмныя яе суседзі.
Сады Стэгса адрозніваліся надзвычайнай недаверлівасцю. Гэта быў невялікі рад дамоў з маленькімі, беднымі ўчасткамі зямлі, адгароджанымі старымі дзвярыма, бачкарнымі дошкамі, кавалкамі брэзенту і ламаччам; бляшаныя чайнікі без дна і адслужыўшыя сваю службу камінныя рашоткі затыкалі дзіркі.