Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/558

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Будзьце ласкавы, Соль Джылс, паўтарыце гэта яшчэ раз! — прагаварыў ён, нарэшце.

— Усе гэтыя пісьмы, — сказаў дзядзька Соль, адбіваючы такт указальным пальцам правай рукі на далоні левай з дакладчасцю і выразнасцю, якія зрабілі-б нават гонар непагрэшнаму хранометру, што быў у яго ў кішэні, — усе гэтыя пісьмы я ўласнай рукой здаваў на пошту і ўласнай рукой надпісваў адрас — капітану Катлю, які пражывае ў Мак-Стынджэр, дзевяты нумар на Брыг-плейс.

Капітан зняў са свайго кручка глянцавіты капялюш, зазірнуў у яго, надзеў яго на галаву і сеў на крэсла.

— Сябры мае, — аглядаючыся навокал, сказаў надзвычай расстроены капітан, — ды я-ж адтуль уцёк!

— І ніхто не ведаў, куды вы пайшлі, капітан Катль? — падхапіў Уолтэр.

— Бог з вамі, Уольр! — сказаў капітан, ківаючы галавою. — Ды яна-ж бы нізавошта не згадзілася, каб я ўзяў на сябе клопаты аб гэтым доме. Мне нічога іншага не аставалася, як уцячы. Злітуйся над вамі бог, Уольр, — сказаў капітан. — Вы яе бачылі толькі ў штыль! Але паглядзіце на яе, калі разбушуюцца страсці, і пастарайцеся запамятаць!

— Я паказала-б ёй! — паціху прагаварыла міс Ніпер.

— Вы думаеце, што вы-б ёй паказалі, дарагая мая? — адазваўся капітан у некаторым захапленні. — Ну што-ж, мая любая, гэта робіць вам гонар. Але што датычыцца мяне, то я палічыў-бы за лепшае сустрэцца тварам у твар з якім хочаце дзікім зверам. Мой куфар мне ўдалося забраць адтуль толькі пры дапамозе сябра, якому няма роўнага на свеце. Што толку было пасылаць туды пісьмы? Так, пры такіх акалічнасцях яна не прыняла-б ніводнага пісьма! — сказаў капітан. — Паштальёну няварта было турбавацца.

— Такім чынам, капітан Катль, — сказаў Уолтэр, — зусім ясна, што ўсе мы, і вы, і ў асаблівасці дзядзя Соль, можам падзякаваць місіс Мак-Стынджэр за перажытыя намі хваляванні.

Паслуга, зробленая ў даным выпадку рашучай удавой памёршага містэра Мак-Стынджэра, была такой відавочнай, што капітан, не пачаў яе аспрэчваць. Але, будучы да пэўнай ступені прысаромленым, хоць ніхто не закранаў гэтага прадмета, а Уолтэр, памятаючы аб апошняй сваёй размове з ім на гэту тэму, з асаблівай страннасцю яго ўнікаў, капітана апанаваў смутак на добрых пяць хвілін — тэрмін надзвычай вялікі для яго, — пасля чаго яго твар, падобны да сонца, зноў заззяў, асвятліўшы ўсіх прысутных, і ён пачаў паціскаць рукі ўсім і кожнаму.

Было яшчэ не позна, — дзядзька Соль і Уолтэр паспелі ўжо нагаварыцца аб сваім плаванні і звязаных з ім небяспеках, — калі ўсе, за выключэннем Уолтэра, вышлі з пакоя Фларэнс і спусціліся ў гасціную. Тут да іх неўзабазе далучыўся Уолтэр,

554