не адважылася пратэставаць або якім-небудзь іншым спосабам дакучаць яму.
— Што датычыць Рычардс, то хоць яна і трымала на каленях маленькага Поля, аднак, не магла забыцца пра свайго ўласнага першынца. У дзіцячым пакоі яна пачала гутарку аб яго «мілых ножках» і зноў была патрывожана яго зданню у форменнай вопратцы.
— Не ведаю, што-б я ні аддала, — сказала Полі, — каб пабачыць беднага малютку, пакуль ён да яе яшчэ не прывык.
— Ну, дык я вось што скажу, місіс Рычардс, — адазвалася Ніпер, якая карысталася яе давер’ем: — пабачце яго і супакойцеся!
— Містэру Домбі гэта не спадабаецца, — сказала Полі.
— Няўжо не спадабаецца, місіс Рычардс? — абазвалася Ніпер. — Мне здаецца, што яму-б гэта вельмі спадабалася, калі-б у яго запыталіся.
— Напэўна, вы-б і не пыталіся ў яго? — сказала Полі.
— Так, місіс Рычардс, нават і не падумала-б, — адказвала С’юзен, — і я чула, як гэтыя два наглядчыкі, Токс і Чык, гаварылі, што не маюць намеру быць заўтра на сваім пасту, а значыцца, я і міс Флой выйдзем заўтра раніцой з вамі, і рабіце, што вам захочацца, місіс Рычардс, таму што мы з такой-жа, і нават з большай ахвотай можам прайсці туды, як і хадзіць туды-сюды па вуліцы.
Спачатку Полі досыць мужна адмовілася ад гэтай прапановы, але мала-па-малу стала да яе схіляцца па меры таго, як усё ясней і ясней уяўляла сабе забаронныя вобразы дзяцей і роднага дома. Нарэшце, разважыўшы, што вялікай бяды не будзе, калі на хвілінку падыйсці да дзвярэй, яна згадзілася з парадай Ніпер.
Калі пытанне было вырашана такім чынам, маленькі Поль жаласна заплакаў, нібы ў яго было прадчуванне, што нічога добрага з гэтага не выйдзе.
— Што здарылася з дзіцем? — запыталася Сʼюзен.
— Мусіць ён змёрз, — сказала Полі, прахаджваючыся з ім туды-сюды і закалыхваючы яго.
Так, дзень быў халодны, асенні; і калі яна прахаджвалася і закалыхвала, паглядаючы ў цмяныя вокны, і мацней прыціскала хлапчука да грудзей, сухія лісці падалі, як дождж.
РАЗДЗЕЛ VI
Другая страта Поля.
У Полі раніцою ўзнікла столькі апасак, што калі-б не настойлівае ўзахвочванне яе чорнавокай прыяцелькі, яна адмовілася-б ад усякіх думак аб падарожжы і звярнулася-б з фармальнай просьбай дазволіць ёй бачыцца з нумарам сто сорак сëмым пад злавесным дахам містэра Домбі. Але Сʼюзен высунула столькі